Новае даследаванне, праведзенае ў ЗША паказала, што агульны ўзровень смяротнасці птушак ад ветракоў – генератараў электрычнасці павялічваецца і большы прыкладна на 30% за папярэднія аценкі.
Пасля вельмі гучнай у СМІ гібелі вілахвостага свіргуля (Hirundapus caudacutus), які заляцеў з Азіі ажно на востраў Гаррыс (Harris, Знешнія Гібрыды, Вялікабрытанія) і там загінуў 26 чэрвеня ад лопасці вятрака на вачах некалькіх бёдуотчараў, якія за ім назіралі, распачалася новая хваля пратэстаў супраць ветраных электрагенератараў.
Новае даследаванне, апублікаванае ў ЗША, аценьвае гібель птушак у гэтай краіне ад электравятракоў у 573 тысячы асобін (у тым ліку 83 тысячы драпежных птушак!) толькі за 2012 год. Гэтая аценка большая на 30% за папярэднюю, зробленую для 2009 году Службай дзікай прыроды ЗША (US fish and Wildlife Service). Кажаны маюць яшчэ большыя страты ад ветраных генератараў – нават 888 тысяч іх гіне штогод. Лічбы разлічаны асобна на вятракі рознай вышыні і магутнасці на ўсе ветраныя электрапаркі ЗША, агульная магутнасць якіх дасягнула 51.630 мегават у 2012 годзе.
Зразумела, што такія аценкі штогадовага ўзроўню смяротнасці дзікіх жывёл могуць мець сур’ёзныя наступствы для ўсёй індустрыі, якая займаецца выпускам, усталяваннем і эксплуатацыяй электраветракоў і падае іх як бяспечную для прыроды крыніцу ўзнаўляльнай энергіі. Аўтар публікацыі, д-р К.С. Смолуўд (Dr K. S. Smallwood) лічыць, што насамрэч прыведзеныя імі лічбы нават заніжаныя, бо некаторыя справаздачы па гібелі птушак і кажаноў няпоўныя – напрыклад, з Тэксасу.
У апошні час амерыканскае заканадаўства, датычнае да ветраковых паркаў, стала (зусім неабаснавана) больш ліберальным. Цяпер у некаторых штатах яно дазваляе беспакарана “забіваць” вятракам нават белагаловых арланаў, арлоў-маркутоў, каліфарнійскіх кондараў, амерыканскіх жураўлёў і меладыйных зуйкоў (Charadrius melodus).
Акрамя большай адкрытасці і даступнасці дадзеных і статыстыкі па гібелі жывёл з-за ветраных генератараў, ўніфікацыі метадаў такіх падлікаў паміж рознымі штатамі ў ЗША, аўтар артыкулу заклікае таксама ўдасканаліць метады ўлікаў загінулых з-за вятракоў птушак і кажаноў.
Крыніца: K. S. Smallwood (2013) Comparing bird and bat fatality-rate estimates among North American wind-energy projects. Wildlife Society Bulletin. Volume 37, Issue 1, pр. 19–33
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага
На гэтую тэму:
ГУСІ ЗДОЛЬНЫЯ АБЛЯТАЦЬ ВЕТРАНЫЯ ЭЛЕКТРАСТАНЦЫІ ЗНАЧНАЯ ПЕРАМОГА НА КАРЫСЦЬ ПТУШАКПтушкі і ветраныя электрастанцыі
Ветраныя турбіны маюць кепскі для прыроды колер?
Турбіны коштам арлоў не будуюць
Не – энергіі коштам жыцця птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ