Марская птушка, якую не бачылі 80 гадоў і пераадкрытая ў мінулым годзе, нарэшце была сфатаграфаваная ў аддаленым кутку Паўднёва-Заходняга Ціхага акіяну.
Загадкавы вануатскі буравеснік (Pterodroma occulta) быў вядомы толькі па 7 музейным скуркам, пакуль у пачатку 2009 году не быў пераадкрыты ў невялікай колькасці на гнездаванні ў гарах Vanua Lava, на астравах Vanuatu. Да гэтага часу птушак гэтага віду ніхто не бачыў жывымі са студзеня 1927 году, калі яны былі закалекцыянаваныя даследчыкам Ролла Бэкам (Rollo Beck).
У пачатку лютага 2010 году экспедыцыя бёдуотчараў з Zegrahm Expeditions, якую ачольвае адмысловец па марскіх птушках Пітэр Харрысан (Peter Harrison), упершыню сфатаграфавала буравеснікаў у моры, недалёка ад паўночнай групы астравоў Вануату. Назіранні былі зробленыя прыкладна ў 60 мілях ад таго месца, дзе від быў адзначаны ўпершыню ў 1927 годзе.
Сёлетняя экспедыцыя адмыслова планавала візіты на малавядомыя навукоўцам астравы Новай Каледоніі, Вануату і Саламонавы.
Усяго на працягу трох дзён атрымалася налічыць 21 вануатскага буравесніка. Асаблівую цікавасць можа ўяўляць тое, што 8 з іх назіраліся недалёка ад параўнальна вялікіх скальных астраўкоў, якія могуць прадстаўляць гэтым птушкам ідэальныя месцы для гнездавання.
Шэсць калекцыйных скурак, атрыманых Амерыканскім музеем Натуральнай гісторыі (AMNH) пасля заканчэння экспедыцыі капітана Ўітні (Whitney) ў паўднёвыя моры ў 1927 годзе праляжалі незаўважанымі і не адрозненнымі ад блізкага віду – белашыйнага буравесніка (Pterodroma cervicalis) – амаль 50 наступных год! У 1976 годзе Р.А.Фалла (R A Falla), натураліст з Новай Зеландыі, вызначыў іх як меншую і іншую форму, аднак на відавы статус вануатскі буравеснік чакаў да 2001 году!
Акрамя памераў, апошні адрозніваецца ад белашыйнага буравесніка таксама больш вузкім і кароткім хвастом і дэталямі афарбоўкі крылаў.
Пад час сёлетняй вандроўкі даследчыкам атрымалася ўбачыць і іншыя, але больш вядомыя віды марскіх птушак.
Падрабязная справаздача і фоты вялікага памеру гл. тут: See full account and photo gallery
Ілюстрацыя з www.travelblog.zeco.com
Паводле www.birdwatching.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Забытая сава
Новы від птушак адкрыты на Барнэа
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ