Калі ў дзікай птушкі, якую Вы сустрэлі побач з домам ці ў прыродзе, атрымалася добра разгледзець асаблівасці апярэння, форму дзюбы і іншыя неабходныя для правільнага вызначэння дэталі, або атрымалася яе сфатаграфаваць, то цяпер з дапамогай бясплатнага мабільнага прыкладання на расійскай мове можна вызначыць яе непасрэдна “у поле”.
Для гэтага неабходна выбраць месца і сезон назірання, адносныя памеры птушкі, колеры апярэння і ног, форму, памеры і колер дзюбы. Праграма адфільтруе віды па гэтых характарыстыках, і з некалькіх здымкаў, на якіх птушкі вызначаныя да віду, можна выбраць пабачаную птушку.
У спісе птушак “Определителя птиц Беларуси” 325 відаў з 332, адзначаных у нашай краіне. Спіс можна сартаваць па алфавіце (беларускім, рускім або лацінскім), а таксама па групах (атрадах): Вераб’інападобныя асобна, Гусепадобныя асобна і г.д.
Для кожнага віду даецца апісанне, розныя фота, запіс голасу, адзначаюцца асаблівасці: напрыклад, як адрозніць самца, самку і маладую птушку.
Гэты бясплатны мабільны дадатак унікальны для Беларусі. Ён створаны на базе электроннага вызначальніка florafauna.by, распрацаванага Вольгай Янчурэвіч і Віталём Сахвонам. У ім выкарыстаныя здымкі наступных аўтараў: Дзмітрыя Якубовіча, Аляксандра Вінчэўскага, Дзмітрыя Вінчэўскага, Аляксея Падалякіна і Валерыя Юрко.
Стварыць мабільны вызначальнік дапамагла кампанія EPAM. Адметна, што каардынаваў распрацоўку вызначальніка Дзяніс Каргін, выпускнік Акадэміі бёрдвочынгу пры АПБ. Патрэбная версія - Android 4.1 і больш позняя, аб’ём дадатку – 25 Мб.
Гэта адзін з першых рэлізаў мабільнага дадатку, таму цяпер асабліва важныя каментары і парады карыстальнікаў. А мы выказваем падзяку ўсім, хто спрычыніўся да таго, каб ён пабачыў свет.
Мабільны вызначальнік птушак Беларусі – частка ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
У межах ініцыятывы АПБ таксама правяла школы бёрдвочараў у Брэсцкай і Гомельскай абласцях, якія скончылі больш за 300 чалавек, выпусціла кнігу-вызначальнік птушак, запусціла анлайн-курс па асновах бёрдвочынгу “Птушкі горада”.
Спампаваць «Определитель птиц Беларуси» ад АПБ з Play Market
Паводле www.ptushki.org (тэкст і здымак)
На гэтую тэму:
Электронны Merlin “даляцеў“ да Еўропы, але радавацца яшчэ рана?
У Шатландыі тэрапеўты пачалі прапісваць пацыентам бёрдуотч!
Merlin дапаможа вызначыць амерыканскіх птушак па фота
Назіранні за птушкамі ў ЗША ў лічбавую эру
Арніталогія ўжо ніколі не будзе ранейшай?
Праграма для iPhone дазволіць амерыканцам вызначаць птушак навокал
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ