Хрустаны са Скандынавіі ляцяць на зімоўку праз Беларусь і Украіну

Дзякуючы выкарыстанню сучасных прыладаў атрымалася не толькі вызначыць дакладнае месца зімоўкі хрустанаў (Eudromias morinellus), якія гняздуюць у Фінляндыі і Нарвегіі, але і прасачыць іх міграцыю ў Паўночную Афрыку. Аказалася, што Беларусь, як і Україна, ляжаць на трасах іх рэгулярнага пралёта.

Хрустаны гняздуюць у альпійскай зоне гор Арктыкі. Дзе яны зімуюць, таксама збольшага вядома – гэта Паўночная Афрыка на ўсход да Сярэдняга Усходу, тады як на захад некаторыя птушкі залятаюць нават на Канарскія астравы.

Кальцаванне дапамагло вызначыць розныя месцы зімоўкі для розных папуляцый віда. Так, напрыклад, хрустаны з Вялікабрытаніі зімуюць галоўным чынам у Марока. Тады як папуляцыі з іншых краін могуць ляцець на месцы зімоўкі даволі шырокім фронтам і іх месцы зімоўкі могуць быць больш ‘раскіданыя’.

І хаця дзякуючы кальцаванню мы ведаем параўнальна шмат пра геаграфічныя месцы зімоўкі і часам пралёту хрустанаў, аднак колькі і дзе часу яны праводзяць на працягу ўсяго гадавога цыклу толькі дзякуючы кальцаванню даведацца немагчыма.

У верасні мінулага году каманда даследчыкаў з Нарвегіі і Фінляндыі на канферэнцыі міжнароднай групы па куліках (International Wader Study Group) у брытанскім горадзе  Morecambe прадставіла вынікі камбінацыі дадзеных, атрыманых і дзякуючы кальцаванню, і дзякуючы выкарыстанню геалакатараў.

На працягу 9 сезоноў, у 2011-19 гг., навукоўцы павесілі 44 геалакатары на хрустанаў, якія гнездавалі ў розных месцах Фінляндыі і Нарвегіі. Аднак з усіх гэтых птушак толькі адну атрымалася адлавіць, каб спампаваць дадзеныя, запісаныя геалакатарам за год яе пералётаў – з 30 чэрвеня 2017 па 3 ліпеня 2018 года. Акрамя гэтага, 5 спадарожнікавых перадатчыкаў павесілі на птушак, якія гнездавалі ў Нарвегіі.

мапа

Цікава, што хрустан з геалакатарам правёў амаль палову году на зімоўцы ў Лівіі (горы Nafusa і калі Sirte), што амаль у два разы даўжэй, чым на месцы гнездавання ў Фінляндыі (45% часу супраць 26% адпаведна у Лівіі і Фінляндыі).

Восеньская міграцыя гэтай птушкі пачалася на прыканцы жніўня і працягвалася амаль два месяцы (58 дзён), прычым птушка прыпынялася надоўга толькі аднойчы - на украінскім узбярэжжы Чорнага мора – аднак ажно на 54 дні! Вясной міграцыя пачалася 31 сакавіка і атрымалася трошкі хутчэйшай. Птушка ляцела да месцаў гнездавання больш усходняй трасай 48 дзён і зрабіла тры параўнальна працяглых прыпынкі для адпачынку і харчавання: на 11 дзён на Кіпры, на 25 дзён у Інгушэтыі і на 6 дзён пад Валгаградам (Расія) і прыляцела гнездаваць у тундру у сярэдзіне мая.

Такім чынам, хрустан пераадолеў адлегласць увосень у прыкладна 4300 км да месца зімоўкі даўжэй, чым вясной адлегласць да месца гнездавання ў амаль 6250 км.

Хаця сігналы ад спадарожнікавых перадатыкаў былі атрыманы толькі ад двух з пяці пазначаных імі птушак, яны паказалі вельмі падобную трасу восеньскай міграцыі.

Паводле атрыманых дадзеных ад акальцаваных хрустанаў з Феннаскандыі, усе дадзеныя пасля лістапада адносіліся да птушак з Паўночнай Афрыкі (па 1 назіранню з Марока і Туніса і 6 з Алжыра), тады як з восеньскай міграцыі было атрыманы назіранні са Швецыі, Бельгіі, Францыі і Расіі.  

Крыніца:

Aarvak,T. Timonen, S. Gjerstad, D., Väisänen, R. & Pasanen, E. 2019. Light-logger mapping of migratory connectivity of Dotterels breeding in alpine Fennoscandia. Presented at International Wader Study Group conference, Morecambe, UK, September 2019.

Паводле www.birdlife.no  (тэкст і мапа) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

NB Варта адзначыць, што не гледзячы на параўнальна шматлікія  штогадовыя назіранні хрустанаў пад час восеньскага і вясновага пралёта ў Польшчы і рэгулярныя рэгістрацыі ў Літве, у Беларусі вядомыя толькі тры регістрацыі, апошняя з якіх адбылася ў 2013 годзе.

Здымак Дзяніса Змачынскага

 

 

На гэтую тэму:

Першае параўнанне дадзеных, атрыманых з дапамогай геалакатара і перадатчыка GPS ад той самай птушкі

Кругланосыя плывунчыкі з Еўропы зімуюць у двух розных месцах у залежнасці ад месца гнездавання

Адкрыта міграцыя кругланосага плывунчыка, ў якую цяжка паверыць

ЗА АДРОЗНЕННІ Ў АДЛЕГЛАСЦІ МІГРАЦЫІ ПТУШАК МОЖА АДКАЗВАЦЬ АДЗІН ГЕН