Вялікая міжнародная каманда даследчыкаў з Нідэрландаў, Ісландыі, Гішпаніі, Партугаліі, Францыі, Вялікабрытаніі, Фінляндыі, Даніі, Расіі і Нарвегіі з дапамогай геалакатараў змагла не толькі пацвердзіць вядомыя раней месцы зімоўкі кругланосых плывунчыкаў (Phalaropus lobatus), але і паказаць цікавыя адрозненні для двух папуляцый гэтага віду і пад час зімоўкі, і пад час міграцый.
Кругланосыя плывунчыкі – невялікія памерам кулічкі, якія гняздуюць па берагах прэснаводных вадаёмаў у арктычнай і субарктычнай тундры. Найбольш вядомыя плывунчыкі гэтага і іншых відаў незвычайнай для птушак стратэгіяй размнажэння (поліандрыяй), бо звычайныя для большасці іншых відаў ролі самцоў і самак па гадаванні патомства ў іх адваротныя: самкі маюць больш яркае апярэнне і пасля спарвання з больш, чым адным самцом, пакідаюць кладку на дагляд самца, ён жа самастойна гадуе і птушанят. Пасля гнездавання, плывунчыкі ляцяць на тры асноўныя добра адасобленыя месцы зімоўкі, дзе вядуць пелагічны лад жыцця далёка ад сушы: тропікі на усходзе Ціхага акіяна, Арабскае мора і воды Індыйскага акіяну каля ўсходу Індыі.
Новае даследаванне паказала, што ў плывунчыкаў Заходняй Палеарктыкі існуюць дзве адасобленыя месцамі зімоўкі папуляцыі: птушкі з адной гняздуюць у Феннаскандыі і Расіі і зімуюць у Арабскім моры (частцы Індыйскага акіяну) і пралятаюць каля 6 тысяч км пераважна над сушай; птушкі ж з другой папуляцыі гняздуюць на астравах паўночна-усходняй Атлантыкі (Грэнландыі, Ісландыі і ля Шатландыі) і зімуюць у тропіках Ціхага акіяна, а для гэтага пралятаюць каля 10 тысяч км у адзін бок. Тыя плывунчыкі, якія зімуюць на Арабскім моры, вымушаныя там час ад часу мяняць месцы адпачынку і харчавання, тады як кулічкі ў тропіках Ціхага акіяну ўсю зіму праводзяць практычна ў тым самым месцы.
Стратэгіі міграцыі вясной таксама адрозніваліся для птушак з розных папуляцый: безастановачны і хуткі двухдзённы пералёт дазваляе плывунчыкам з больш заходніх папуляцый праляцець над малапрадуктыўнымі водамі Карыбскага мора і потым працягваць ляцець ў Арктыку ўжо пераважна ўначы. У адрозненне ад гэтага птушкі з больш усходняй еўрапейскай папуляцыі, прыпыняюцца на ўнутрыкантынентальных забалочаных месцах на розны час. Цікава, што заходнія птушкі маглі ляцець вясной з кароткімі прыпынкамі, але рэдка яны былі больш працяглыя за 2 дні. Аднак не толькі колькасць і даступнасць ежы у тропіках Ціхага акіяна можа тлумачыць хутчэйшую вясновую міграцыю плывунчыкаў адтуль – вельмі магчыма, штр яны выкарыстоўвываюць і моцныя спадарожныя вятры.
Усяго навукоўцы выкарысталі 34 трэкі (кожны падобны трэк змяшчае дадзеныя пра пралёты на працягу аднаго году) ад 26 плывунчыкаў з усходняй папуляцыі і 10 трэкаў ад 8 плывунчыкаў з заходняй папуляцыі. Толькі птушкі, пазначаныя геалакатарамі ў Швецыі, дазволілі параўнаць дадзеныя, атрыманыя для самцоў і самак і для іх не атрымалася знайсці істотных адрозненняў ні пад час вясновых, ні восеньскіх міграцый. Аднак, як і павінна быць у відаў з адваротнымі ролямі ў палоў, самкі прылятаюць на месцы гнездавання (амаль) істотна раней, чым самцы, хаця існуе значнае перакрыццё гэтых датаў у розных птушак.
Крыніца:
Rob S. A. van Bemmelen et al. (2019) A Migratory Divide Among Red-Necked Phalaropes in the Western Palearctic Reveals Contrasting Migration and Wintering Movement Strategies Front. Ecol. Evol., 04 April 2019 | https://doi.org/10.3389/fevo.2019.00086
Паводле www.frontiersin.org (тэкст і мапа) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Сяргея Зуёнка
На гэтую тэму:
Адкрыта міграцыя кругланосага плывунчыка, ў якую цяжка паверыць
Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця
Адрозненні ў генах пячуравак з розных папуляцый прымушаюць іх зімаваць у розных месцах
Ці могуць геалакатары перашкаджаць птушкам пад час міграцыі?
Палёт птушак хутчэйшы вясной
Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата
Чаму ў пералётных птушак самцы вяртаюцца вясной хутчэй за самак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ