Каманда даследчыкаў знайшла ген, які яна звязвае з адрозненнямі ў міграцыі паміж двума блізкімі відамі вераб’іных птушак: залатакрылым і блакітнакрылым спевунамі (Vermivoar chrysoptera et V. pinus). Для гэтага спатрэбілася секвеніраванне ўсяго геному і адпаведная інтэрпрэтацыя знойдзеных адрозненняў паміж птушкамі, якія зімуюць у Паўднёвай і ў Цэнтральнай Амерыцы.
Навукоўцы з унверсітэту Penn State і Cornell Lab of Ornithology (ЗША) упершыню выкарысталі камбінацыю дадзеных поўнага секвеніравання генома канкрэтных птушак і адрозненняў у месцах іх зімоўкі, пра якія даведаліся дзякуючы геалакатарам, размешчаным на іх.
Праграма міграцыі, якую стараецца “рэалізаваць” птушка – гэта вельмі складаны комплекс паводзін, які рэгулюецца генетычна, фізіялагічна і неўралагічна. У апошнія дзесяцігоддзі стала вядома, што існуе і менавіта генетычны кампанент. Былі знойдзены каля сотні генаў, якія звязваюць з міграцыйнымі паводзінамі, аднак дагэтуль не атрымлівалася знайсці адзіны ген, каб дакладна паказаць яго ролю ў гэтым працэсе.
"У гэтым даследаванні мы знайшлі адзін ген, які яўна адказвае за дакладнае месца зімоўкі ў абодвух відаў” – сказаў Дэвід Тоеўз (David Toews), галоўны аўтар публікацыі па выніках работы.
Навукоўцы вывучалі міграцыйныя паводзіны і месцы зімоўкі двух блізкіх відаў вераб’іных: золата- і блакітнакрылага спевуноў, якія гняздуюць на сярэднім захадзе ЗША. Цікава, што адны птушкі абодвух відаў ляцяць на зімоўку ў Цэнтральную Амерыку (ад Панамы да Гватэмалы), тады як іншыя зімуюць у Паўднёвай Амерыцы (галоўным чынам, у Венесуэле). Акрамя гэтага, птушкі звычайна не толькі выкаырстоўвалі тыя самыя месцы зімоўкі, але і месцы гнездавання.
Дзякуючы выкарыстанню геалакатараў – мініятурных прылад, якія запісваюць дату і працягласць светлай часткі сутак, можна з параўнальна добрай дакладнасцю вызначыць геаграфічныя каардынаты месцаў, дзе знаходзіліся птушкі. Каб мець магчымасць параўнаць геномы пазначаных геалакатарамі спевуноў, даследчыкі таксама бралі ў птушак генетычны матэрыял. Пасля поўнай расшыфроўкі і параўнання геномаў розных птушак, аказалася, што большасць адрозненняў знаходзіцца ў невялікім кластэры ў палавой храмасоме Z. Там і быў знойдзены адзіны ген, які атрымаў назву VPS13A.
Хаця функцыя гэтага гена ў птушак невядомая, аналагічны (?) ген у чалавека асацыіруецца з дэгенерацыяй нярвовай сістэмы, адказнай за рухі (chorea-acanthocytosis).
"Мы маем спекулятыўныю здагадку, што гэты ген удзельнічае ва ўтылізацыі свабодных радыкалаў і запускаецца пад час міграцыі, каб гэтыя хімічныя рэчывы не пашкодзілі клеткі пад час доўгіх падарожжаў. Каб пацвердзіць ці абвергнуць гэта, мы хацім праверыць дзе – у якіх тканках – у жывых птушак гэты ген адпаведным чынам актывізуецца і калі. Акрамя гэтага, мы праверым геномы іншых відаў вераб’іных-мігрантаў на прысутнасць ці адсутнасць гэтага гена” – сказаў Тоеўз.
Крыніца:
David P. L. Toews et al. Selection on VPS13A linked to migration in a songbird, Proceedings of the National Academy of Sciences (2019). DOI: 10.1073/pnas.1909186116
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак малага ляснога спявуна (Setophaga coronata) – Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Знойдзены “ген міграцыі” птушак?
Адрозненні ў генах пячуравак з розных папуляцый прымушаюць іх зімаваць у розных месцах
За эпічныя міграцыі вераб’іных птушак адказвае невялікі кластэр генаў
Метабалізм птушак і звяроў рэгулюецца па-рознаму
Адкрыта самая працяглая міграцыя сярод вераб’іных птушак
Мышцы пералётных птушак – мара для культурыстаў
Першае параўнанне дадзеных, атрыманых з дапамогай геалакатара і перадатчыка GPS ад той самай птушкі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ