На прыканцы мінулага году выйшла чарговая публікацыя, на аснове якой Міжнародны арніталагічны звяз (IOU) прыняў рашэнне падзяліць раней адзіны від, шэрага жаўрука (Alaudala rufescens), на два віды. Гэтае рашэнне можа змянць і класіфікацыю, якую выкарыстоўвае Еўрапейская асацыяцыя арніта-фауністычных камісій AERC, і, адпаведна, і мы ў Беларусі. Тады ўстане пытанне наконт відавой прыналежнасці шэрага жаўрука, адзіная рэгістрацыя якога ў нас яшчэ не разглядалася БАФК.
Жаўрукі ў сваёй большасці насяляюць адкрытыя прасторы, дзе вельмі важная крыптычная афарбоўка. Гэта хутчэй за ўсё прывяло да таго, што некаторыя віды выглядаюць вельмі падобна і марфалагічна мала адрозніваюцца. У апошнія дзесяцігоддзі генетычныя даследаванні і дадзеныя па вакалізацыі з розных частак арэалу розных відаў дазволілі праліць больш святла на таксанамічную структуру групы. Дзякуючы гэтаму колькасць відаў жаўрукоў павялічылася амаль на 30%.
Так званы комплекс відаў шэрых жаўрукоў, уключае блізкія віды, якія шырока распаўсюджаны ў Палеарктыцы (ад Канарскіх астравоў да паўночна-усходняй часткі Кітая) і ў Паўночнай Афрыцы. З-за вельмі невялікіх марфалагічных адрозненняў, таксанамічны статус розных прадстаўнікоў гэтых відаў шмат абмяркоўваўся ў мінулым, прычым вылучалі нават да 16 форм (падвідаў).
Даследаванне, апублікаванае Ghorbani et al (2020) на аснове філагенетычнага аналізу прапаноўвала падзел шэрых жаўрукоў на 4 адасобленыя лініі, якія аддзяліліся адна ад адной ад 1,6 да 3,2 мільёны гадоў таму. Аўтары прапаноўвалі вылучыць 4 наступныя клады (фактычна віды): heinei clade, raytal clade [пясчаны жаўрук], rufescens clade, і cheleensis + leucophaea clade [азіяцкі шэры жаўрук]), хаця і спецыяльна адзначылі, што любое фармальнае радзяленне комплекса на віды патрабуе дадатковых даследаванняў.
Гнездавыя арэалы шэрага і азіяцкага шэрага жаўрукоў (шэры колер) і пясчанага жаўрука (жоўты) + месцы паходжання птушак, выкарыстаных для адбору генетычных пробаў. Паводле Ghorbani et al (2020) (Wiley Online Library).
І апошняя публікацыя Alström et al (2020) як раз дэманструе падобныя дадатковыя даследаванні адпаведна па параўнанню мітахандрыяльных ДНК, марфалогіі і гукавых сігналаў шэрых жаўрукоў. Аўтары падтрымліваюць падзел на 4 віды, а менавіта:
Міжземнаморскі шэры жаўрук Mediterranean Short-toed Lark (Alaudala rufescens)
Уключае падвіды (формы) rufescens, apetzii, minor
Распаўсюджаны ў паўднёвай Еўропе, на Канарскіх астравах, у Паўночнай Афрыцы і на Іберыйскім паўвостраве, а таксама праз Левант да заходняй часткі Ірака.
Туркестанскі шэры жаўрук Turkestan Short-toed Lark (Alaudala heinei)
Уключае падвіды heinei, aharonii, persica
Распаўсюджаны ва Украіне і Цэнтральнай Турцыі, далей праз Цэнтральную Азію да паўднёвай часткі Манголіі і поўдня Афганістана.
Азіяцкі шэры жаўрук Asian Short-toed Lark (Alaudala cheleensis)
Уключае падвіды cheleensis, tuvinica, leucophaea, kukunoorensis
Распаўсюджаны cheleensis і tuvinica ад поўначы Манголіі да усходу Кітая; leucophaea і kukunoorensis ад Цэнтральнага Казахстана да Паўночна-Цэнтральнага Кітая.
Пясчаны жаўрук Sand Lark (Alaudala raytal)
Уключае падвіды raytal, krishnakumarsinhji, adamsi і распаўсюджаны ад Ірана да Цэнтральна-Паўднёвай М’янмы.
Калі параўновываць толькі апярэнне, міжземнаморскі і туркестанскі шэры жаўрукі вельмі падобныя, прычым першыя маюць менш рыжага адцення і больш тонкія выцягнутыя рыскі на грудзі. Азіяцкі шэры жаўрук мае агульна больш светлае апярэнне, першаступовыя махавыя і рулявыя пёры менш насычанага чорна-карычневага колеру, чым у іншых шэрых жаўрукоў і ў сярэднім больш белага на крайніх рулявых.
Пясчаныя жаўрукі адрозніваюцца знешне ад іншых шэрых жаўрукоў найбольш – яны найменш стракатыя зверху, цёмныя рыскі тонкія і іх параўнальна няшмат.
Акрамя гэтага даследчыкі знайшлі, што песня міжземнаморскага і туркестанскага шэрага жаўрукоў адрозніваецца, што таксама сведчыць на карысць іх відавога статусу.
Хаця паўсюль месцы распаўсюджання гэтых двух відаў не перакрываюцца паміж сабой, вельмі магчыма, што ў нязначнай ступені віды парапатрычныя або нават сімпатрычныя ўздоўж сірыйска-турэцкай мяжы.
У снежні 2020 году на аснаванні новых доказаў, прыведзеных у публікацыі Alström et al (2020), IOC World Bird List прыняў рашэнне аб вылучэнні туркестанскага шэрага жаўрука з раней аднаго віду – шэрага жаўрука, які зараз называецца міжземнаморскім шэрым жаўруком (гл. IOC Version 11.1).
Статус шэрых жаўрукоў у тых краінах Еўропы, дзе яны не гняздуюць
Гэты падзел азначае, што ў Заходняй Палеарктыцы гняздуюць і сустракаюцца па-за гнездавымі арэламі як мінімум два віды шэрых жаўрукоў. Іх вельмі значнае знешняе падабенства стварае сур’ёзныя перашкоды ў вызначэнні да віду тых асобін, якія адзначаны як залётныя па-за межамі іх звычайных межаў распаўсюджання. У Гішпаніі міжземнаморскі шэры жаўрук лічыцца ў сваёй большасці аселым відам, тады як ў Паўнонай Афрыцы ўжо можа быць качуючым. Туркестанскі ж шэры жаўрук лічыцца мігрыруючым на большай частцы свайго арэалу.
Таму вельмі магчыма, што выключна па зробленых пад час адзінай сустрэчы птушкі ў Беларусі здымках будзе немагчыма адназначна вызначыць яе да віду і з-за гэтага яна не зможа трапіць у Спіс птушак Беларусі.
Крыніцы:
Alström, P, van Linschooten, J, Donald, P, Sundev, G, Mohammadi, Z, Ghorbani, F, Shafaeipour, A, van den Berg, A, Robb, M, Aliabadian, M, Wei, C, Lei, F, Oxelman, B and Olsson, U. 2020. Multiple species delimitation approaches applied to the avian lark genus Alaudala. Molecular Phylogenetics and Evolution 154: 2021, 106994.
Dickie, I and Vinicombe, K. 1995. Lesser Short-toed Lark in Dorset: new to Britain. British Birds 88: 2, 593-599.
Ghorbani, F, Aliabadian, M, Zhang, R, Irestedt, M, Hao, Y, Sundev, G, Lei, F, Ma, M, Olsson, U and Alström, P. 2020.Densely sampled phylogenetic analyses of the Lesser Short‐toed Lark (Alaudala rufescens) – Sand Lark (A. raytal) species complex (Aves, Passeriformes) reveal cryptic diversity. Zoologica Scripta 49: 4, 427-439.
McInerny, C, Musgrove, A, Stoddart, A, Harrop, A and Dudley, S. 2017. The British List: A Checklist of Birds of Britain (9th edition). Ibis 160: 1, 190-240.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак шэрага жаўрука (Alaudala rufescens sensu lato) Юрыя Шашэнькі
На гэтую тэму:
На Гарадзеншчыне адзначаны яшчэ адзін новы для Беларусі від птушак – шэры жаўрук!
Новы для Беларусі від птушак – бурая пячураўка – адзначаны на Гарадзеншчыне
У Беларусі адзначана нільская гусь - новы для краіны, але чужародны від птушак
Новы для Беларусі, чужародны від птушак – качка-каралінка – адзначаны пад Гродна
Изменения в орнитофауне Беларуси за 2000-2016 годы
Сучасны стан арнітафауны Еўропы і змены ў ім за апошнія 25-30 гадоў
Генетыкі прапануюць падзяліць бажана на тры віды – што гэта значыць для спісаў птушак у Еўропе
Усе чачоткі – адзіны від?
Шэрая і чорная вароны пад генетычнай “лупай”
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ