Усе чачоткі – адзіны від?

Звычайна кожная чарговая праца генетыкаў-таксаномаў дадае надзею бёдуотчарам на павелічэнне колькасці відаў птушак, і, адпаведна, на магчымасць павелічэння асабістых спісаў. Аднак апошняя публікацыя, прысвечаная пытанню генетычнай діферэнцыяцыі ў розных відаў чачотак хутчэй разачаруе большасць назіральнікаў птушак. 

Два даследчыкі з лабараторыі арніталогіі Карнельскага ўніверсітэту (Cornell Lab of Ornithology) (ЗША) Ніколас Мэйсан (Nicholas Mason) і Скотт Тэйлар (Scott Taylor) аднавілі пытанне: ці заслугоўваюць відавога статусу тундравая чачотка (Acanthis hornemanni) і т.зв. малая чачотка (Acanthis cabaret) і паспрабавалі даць на яго канчатковы адказ.

“На аснове параўнання ДНК звычайнай  і тундравай чачоткі мы лічым, што найлепш іх лічыць адным відам” – сказаў Мэйсан. 

Першы падзел чачотак на розныя віды адбыўся яшчэ да Амерыканскай грамадзянскай вайны. У 1861 годзе легендарны арнітолаг Эліот Кус (Elliot Coues) (адзін з сазаснавальнікаў сённяшняга Амерыканскага арніталагічнага звязу AOU) апісаў 8 відаў чачотак на аснове візуальных адрозненняў у іх марфалогіі. З часам AOU значна змяніў гэты спіс і заставіў толькі два віды: тундравую і звычайную чачотак (Acanthis flammea), а Брытанскі арніталагічны звяз (British Ornithologists' Union) не так даўно вылучыў яшчэ адзін від – малую чачотку - на аснове значна меншых яе памераў і больш старакатага малюнку апярэння. 

Мэйсан і Тэйлар змаглі зрабіць самую вялікую (як дагэтуль) працу па параўнанню геномаў чачотак – яны параўналі 20 712 нуклеатыдаў у 235 розных кавалках геному (аднак падкрэсліваюць, што гэта і так менш, чым 1% усяго геному чачотак). Агулам яны выкарысталі ДНК 77 асобін са збораў музеяў усяго Свету: ад музею Карнельскага ўніверсітэту да Музею Жэневы ў Швайцарыі. Прычым падбіраліся скуркі птушак, якіх можна было па адрозненням у фенатыпе аднесці як да “чыстых” відаў звычайнай і тундравай чачоткі, так і розныя пераходныя паміж імі формы з большым ці меншай стракатасцю апярэння знізу цела птушак.

Таксанамічнае дрэва чачотак з белакрылым крыжадзюбам паводле Mason & Taylor (2015):

Такім чынам, адрозненняў геномаў звычайных і тундравых чачотак знайсці не атрымалася. Таксама вельмі падобнымі аказаліся геномы звычайнай і малай чачоткі - да нядаўняга часу яе падвіду. 

Розныя фенатыпічныя праяўленні аднолькавых генаў чачотак:

У прыродных умовах адным з замацаванняў адрозненняў паміж рознымі групамі ёсць асартыўнае скрыжаванне (assortative mating), - калі жывёлы з адной групы размнажаюцца з прадстаўнікамі сваёй групы больш часта, чым з прадстаўнікамі іншай. Калі вярнуцца да чачотак, то  “адсутнасць яўных генетычных адрозненняў кажа таксама пра адсутнасць асартыўнага скрыжавання сярод іх на працягу нейкага параўнальна доўгага адрэзку часу” – падкрэсліваюць навукоўцы. 

Аднак як можна растлумачыць такі розны выгляд апярэння і памер дзюбы ў розных чачотак, калі генетычных адрозненняў паміж імі няма? Каб адказаць на гэтае пытанне, даследчыкі звярнуліся да іншай структуры пераносу генетычнай інфармацыі – РНК, якія адказваюць за пабудову фенатыпічных рысаў, або канкрэтных бялкоў.

Аказалася, што фізічныя адрозненні паміж рознымі чачоткамі з’яўляюцца вынікам адрозненняў у экспрэсіі, ці праяўленні іх ДНК (genetic expression) – г.зн., што аднолькавы набор генаў праяўляе сябе па рознаму ў розных птушак.  

Цяпер навукоўцы рыхтуюць афіцыйны зварот у Амерыканскі арніталагічны звяз наконт аб’яднання трох былых відаў чачотак у адзін на аснове адсутнасці генетычных адрозненняў паміж імі.

 

Крыніца:

Nicholas A. Mason, Scott A. Taylor (2015) Differentially expressed genes match bill morphology and plumage despite largely undifferentiated genomes in a Holarctic songbird. Molecular Ecology, Article first published online: 30 MAR 2015 DOI: 10.1111/mec.13140

Паводле www.blog.allaboutbirds.org (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак

Параўнальная генетыка крумкачовых – новы этап

ШЭРАЯ І ЧОРНАЯ ВАРОНЫ ПАД ГЕНЕТЫЧНАЙ “ЛУПАЙ”

КУЛІК-ПАЛЯНІК НАСАМРЭЧ НЕ АДЗІН ВІД? + VIDEO

Марскі і снежны зуйкі – асобныя віды

Таксанамічны статус пустынных соваў разблытаны?

Грычуноў больш відаў, чым сцвярджалі дагэтуль?

 

Comments

Falcon1 (госць) - 06.04.2015 - 19:05

Ну хорошо, за экспрессию таких-то генов тоже ведь что-то отвечает - другие гены. Могло быть так, что исследованные гены обладают большой консервативностью. Это как с глухарями - западноевропейским подвидом. Не весь же геном птицам секвенировали, могли и промахнуться с выбором генов.

Harrier - 06.04.2015 - 20:29

In reply to by Falcon1 (госць)

Falcon, ёсць імавернасць нейкай падзеі. Дастаткова даследаваць і параўнаць энную колькасць адрэзкаў геному, каб зрабіць выснову, што адрозненні значна меншыя за нармальныя відавыя з імавернасцю, напрыклад, 99,9999999 % І гэтага больш чым дастаткова для такіх даследаванняў.