Зіма ў старым стылі i добрыя старыя віды: Агляд назіранняў Клуба200 за студзень і люты-2021

Першы месяц зімы аказаўся надзвычай разнастайным: год пачаўся цёплым і бясснежным, што дазволіла застацца на зімоўцы многім вельмі рэдкім ў нас увогуле і асабліва ўзімку качкам. Але пазней пачалася сапраўдная, снежная і марозная зіма. Вельмі магчыма, што менавіта гэта дазволіла даляцець да нас горным пліскам і аляпцы, якіх даўно не назіралі.

Усяго за студзень і люты было атрымана 44 паведамленні пра назіранні 18 відаў са спісу Клуба200 + пра два цікавых азіяцкія падвіды звычайных у нас відаў птушак. За тыя ж першыя два месяцы мінулага году паведамленняў было амаль у два разы менш – 22 пра параўнальную колькасць відаў – 14.

Белашчокая казарка (Branta leucopsis) хаця і адзначалася пад час зімы і раней: напрыклад, у снежні 2013 году на Гарадзеншчыне і на працягу другой часткі зімы ў Магілёве ў 2018 годзе. Аднак трэцяя рэгістрацыя віда на зімоўцы, якая адбылася ў сярэдзіне студзеня ў Гродзенскім раёне, наўрацці можа лічыцца шараговай:

птушкі

Белашчокая казарка побач з гусей-гуменніцай, 17-01-21, Гродзенскі раён. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

Пярэстая качка (Tadorna tadorna) упершыню ўзімку зарэгістраваная ў снежні 2020 году: двойчы пад Мінскам і адзін раз – у Брэсце. З-за адсутнасці вялікіх маразоў у першай павлове студзеня, дзве птушкі ці пара назіралася 10.01 ў Жабінкаўскім раёне на Берасцейшчыне.  

Нырок-свірок (Melanitta fusca) у вельмі невялікай колькасці адзначаецца ў краіне штозіму прынамсі з 2012 году. У студзені па адной птушцы назіралі на вялікіх вадасховішчах:  09.01 ў Салігорскім і 21.01 у Мінскім раёне.

Нырок-маранка (Clangula hyemalis) – адзінкавыя птушкі рэгіструюцца ў нас зімой не штогод. Тым больш прыемныя 2 рэгістрацыі з Брэста: адной птушкі 01.01 і двух 10.01, а таксама самца 21.02 у Новалукомлі:

птушкі

Самец нырка-маранкі і гогалі. Канал у Лукомльскага возера, Чашніцкі раён. 21-02-2021. Здымак Віталія Кашчэева

Нырок-сіньга (Melanitta nigra) – адна птушка назіралася у Мінску 10.01 і яшчэ адна, якую не адразу вызначылі як маладога самца – 23.02 і ў наступныя дні ў Брэсце. У параўнанні з папярэднімі відамі ныркоў, сіньга адзначаецца ў Беларусі зімой яшчэ радзей.

птушка

Малады самец нырка-сіньгі, Брэст. 23-02-2021. Здымак Віталія Некрашэвіча

Чырвонаносы нырок (Netta rufina) – від упершыню зімаваў у нас пад Мінскам у пачатку мінулага году. Асобная птушка і пара, якіх назіралі адпаведна 01.01 і 02.01 на розных вадаёмах у Брэсце, трымаліся там яшчэ як мінімум з сярэдзіны снежня 2020 году.

Звычайная гага (Somateria mollissima) – падобную, але больш працяглую гісторыю назіранняў мела і самка гагі, якая засталася зімаваць у Маларыцкім раёне на Берасцейшчыне яшчэ ў пачатку снежня мінулага году і зноў была адзначана там 02.01.2021.

Качка-каралінка (Aix sponsa) ўпершыню для нашай краіны назіралася на ўскрайку Гродна, на Нёмане, 17.01.2021, а пазней яшчэ неаднакротна як мінімум да сярэдзіны лютага трымалася прыкладна ў тым жа месцы. Падрабязней пра гэтую першую рэгістрацыю чужароднага для Беларусі і Еўропы віда птушак ТУТ.

Арол-маркут (Aquila chrysaetоs) – тры рэгістрацыі за два першыя месяцы году, усе адзінкавых птушак з розных раёнаў цэнтральнай часткі Беларусі: 21.01 з Любанскага, 29.01 – з Налібоцкай пушчы і 22.02 са Слуцкага раёна. Звычайна па 1, максімум 2 птушкі побач адна адной у вельмі невялікай колькасці зімуюць у нас штогод.

птушка

Арол-маркут, 21-01-2021. Любанскі раён. Здымак Мікалая Вераб'я

Сокал-падарожнік (Falco peregrinus) – таксама амаль штогод адзначаюцца зімуючыя птушкі ў розных рэгіёнах краіны. У сярэдзіне лютага сокал паляваў на шызых галубоў у Гродна.

Стучок (Lymnocryptes minimus) – хутчэй за ўсё рэгулярна зімуе на вадатоках з незамярзаючай вадой рознага памеру. Аслабленая птушка была рукамі адлоўлена 12.02 ў Гомлі:

птушка

Стучок, Гомель, 12-02-2021. Здымак Юрыя Малашэнкі

Марская чайка (Larus marinus) у апошнія чатыры гады асобныя птушкі рознага ўзросту зімуюць у Мінску. Гэтай зімой засталіся 2 чайкі, якіх упершыню адзначылі на ўскрайку сталіцы ў пачатку снежня 2020 году і потым рэгулярна бачылі і ў студзені, і ў лютым.

Горная пліска (Motacilla cinerea) – адна з зорак мінулай зімы. Справа ў тым, што папярэднее, другое для Беларусі назіранне віда, таксама на зімоўцы, адбылося у 2014 годзе. І што не менш цікава – дакладна ў тым самым месцы на беразе Нёмана на ўскрайку Гродна, што і тады! Паглядзець на гэтую птушку, упершыню адзначаную 17.01 (падрабязней пра гэта ТУТ), прыязжалі бёрдуотчары з многіх месцаў Беларусі. Але з-за своеасаблівага раскладу яе дня – птушка параўнальна хутка харчавалася у фантанаў з цёплай вадой, а потым адлятала на доўгі час, паглядзелі яе далёка не ўсе жадаючыя. А прыкладна з сярэдзіны лютага пліска пэўна адляцела адтуль з-за моцных перападаў вады ў рацэ і знікнення зручных месцаў для харчавання.

Аднак новы шанец паглядзець на горную пліску і чацвёртая рэгістрацыя віда адбылася, як аказалася, прыкладна ў гэтыя ж дні на ачышчальных сажалках Ляхавіч! Хаця дакладная дата з’яўлення там птушкі невядомая, прыкладна была сярэдзіна студзеня. Амаль праз месяц пасля гэтага з’явіліся першыя здымкі гэтай пліскі, аднак з яе масавым наведваннем, з-за спецыфічнага месца зімоўкі і абмежаванняў на ім, таксама атрымалася няпроста. Да канца лютага пліска адляцела і адтуль.

птушка Горная пліска, Ляхавічы, 16-02-2021. Здымак Сяргея Шакала.

Аляпка (Cinclus cinclus), амаль выпадкова сфатаграфаваная 24.01 на адным са шлюзаў Аўгустоўскага канала ў Гродзенскім раёне, выклікала нават большую цікавасць да сябе і паломніцтва паглядзець і сфатаграфаваць яе адбывалася ў наступныя дні і тыдні таксама людзьмі практычна з усёй Беларусі. І першае, і другое зрабіць гэта было нашмат лягчэй у параўнанні з горнай пліскай пад Гродна, таму што плошча тэрыторыі, на якой аляпцы было зручна харчавацца і хавацца (калі было трэба), была не большай за 1 гектар русла каналу. Папярэднія назіранні аляпкі, пра якія было вядома на той момант, адбыліся ў Беларусі ажно зімой 2012 году, таму ўзніклы ажыятаж наконт магчымасці паглядзець новы для сябе і цікавы від, цалкам зразумелыя. Пасля наступлення сапраўднай зімы, са снегападамі і марозамі, прыкладна ў сярэдзіне лютага, аляпка адляцела адтуль: на камянях і водарэзах шлюза, з якіх яна палявала, утварыліся вялікія кавалкі льда і выкарыстоўвываць іх як прысады стала яўна нязручна. А іншых побач там не аказалася.

https://youtu.be/Y1d99o9obsQ

Горная чачотка (Carduelis flavirostris) – адбылося нечакана шмат, бо нават 9 рэгістрацый як адзінкавых птушак, так і параўнальна вялікіх груп да ста асобін, якія, аднак, былі зроблены толькі ў цэнтральнай і заходняй частках краіны.

птушка

Горная чачотка, Брэсцкі раён, 21-02-2021. Здымак Аляксандра Сербуна.

Снежны падарожнік (Calcarius lapponicus) – пасля перапынку амаль у два годы, ізноў былі адзначаны спачатку адна (08.01), а потым 17.01 – мінімум дзве птушкі ў тым самым месцы  на Міншчыне.

Сняжурка (Plectrophenax nivalis) – вядома пра 6 рэгістрацый ад 3 да прыкладна 150 асобін, якіх адзначылі на Міншчыне (08.01, 12.01, 23.01, 07.02 і 14.02, Гомельшчыне (09.01) і Брэстчыне (21.02). 

 

Белая сініца (Cyanistes cyanus) – пара ці дзве птушкі, якія трымаліся разам, назіраліся ў Салігорскім раёне 21.02. Гэта параўнальна далёка ад звычайнага арэалу гэтага аселага ў Беларусі віда, які абмежаваны поймай Прыпяці і яе некаторых прытокаў на Гомельшчыне і Берасцейшчыне.

Звычайна мы не ўключаем у агляды назіранні рэдкіх для Беларусі падвідаў, у гэты раз абыйсціся без гэтага было б складана.

Звычайны папаўзень (Sitta europaea asiatica), пераважна сібірскі падвід, хаця і адлаўліваўся ўвосень мінулага году на станцыі кальцавання “Сасновы бор”, якая знаходзіцца на самай поўначы Расонскага раёна і Віцебшчыны, у гэтым годзе адзначаны ўпершыню і сфатаграфаваны 08.01 на поўначы Міншчыны.

птушка

Азіяцкі падвід звычайнага попаўзня, Мядзельскі раён, 08-01-2021. Здымак Максіма Косціна

Вялікі грычун (Lanius excubitor borealis/sibiricus) – птушка другога каляндарнага году жыцця была сфатаграфаваная 09.01 ў Мінску. Хаця паводле некаторых сістэматычных сістэм (ІОС) – гэта асобны від вялікага грычуна, іншымі сістэмамі птушкі з падобным фенатыпам лічацца як сібірскі(я) падвід(ы). Для Беларусі гэта першая рэгістрацыя прадстаўніка падобных падвідаў з усходу.

птушка

Вялікі грычун аднаго з сібірскіх падвідаў, 10-01-2021, Мінск. Здымак Людмілы Карукінай.

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для “Птушкі штодня”.

здымак аляпкі яго ж

 

 

На гэтую тэму:

НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ, ЧУЖАРОДНЫ ВІД ПТУШАК – КАЧКА-КАРАЛІНКА – АДЗНАЧАНЫ ПАД ГРОДНА

Дзіўная зіма: Агляд назіранняў Клуба200 за студзень і люты-2020

Выдатны пачатак: Агляд цікавых назіранняў Клуба200 за студзень-2019

Выдатны пачатак: Агляд цікавых назіранняў Клуба200 за студзень-2019

Агляд цікавых назіранняў за студзень-2017: снежны падарожнік і тундравыя ўсе-ўсе-ўсе

ЗІМА-2018: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК

Песімістычны люты і аптымістычны сакавік: агляд цікавых назіранняў птушак за пачатак вясны-2019