Да гэтай зімы аляпку (Cinclus cinclus) ў Беларусі я бачыў толькі аднойчы. Было гэта даўно, гадоў 20 таму і тады 1-2 птушкі штогод зімавалі на нашай маляўнічай рэчцы Ласасянцы. Я дагэтуль памятаю свае ўражанні ад гэтай сустрэчы: птушка, якую чамусьці называюць "вадзяным вераб'ём", была зусім непадобна на вераб'ёў і найбольш нагадвала памерамі і часткова паводзінамі дразда з кароткім хвастом.
Потым шмат змянілася, апошнія гады аляпак у нас ніхто не бачыў. Рэчкі, на якіх яны зімавалі раней, наўрацці так змяніліся, што сталі непрыдатнымі да гэтага. Але тыя, хто аляпак ужо бачылі, не хацелі доўга хадзіць па заснежаным берагам у пошуках птушкі - бо навошта? Зрэдку правяраліся толькі самыя патэнцыйна цікавыя для аляпак месцы вакол старых вадзяных млыноў, але аляпак там не было. А потым і зімы сталі такімі, што і снегу з маразамі амаль не было. І, напэўна, не толькі ў нас.
Бо я ведаю пра 2 гіпотэзы, якія тлумачаць чаму аляпкі ў нас (ужо) не зімуюць. Першая для мяне гучыць больш пераканаўча і яна супрацьстаіць лагічнай памылцы ў адносінах да ўсіх птушак з поўначы, якія прылятаюць зімаваць да нас. Гучыць яна наступным чынам: аляпкі прыляталі зімаваць да нас таму і тады, калі зімы далей на поўнач не давалі ім рабіць гэта там. Калі зімы сталі больш лагоднымі, яны перасталі лятаць сюды таму, што такая патрэба знікла ці значна зменшылася. Другая гіпотэза не адмаўляе першую, але ўдакладняе, што хутчэй за ўсё тыя асобіны аляпак, якія знайшлі ў нас зручныя месцы для зімоўкі, ужо памерлі. А новыя не далятаюць. Таму нікога з аляпак апошнія гады на зімоўцы мы і не бачым.
..................................................
Зіма сёлета пачалася як і некалькі мінулагодніх. Было ўсё: і невялікія марозы, і вялікія дажджы, і нават ...снег))) І самае галоўнае, што з'явіліся людзі, якія від у Беларусі яшчэ не бачылі і вырашылі праверыць - ці не заляцела раптам аляпка зімаваць на Ласасянку? Першай камандай, якая прыехала і зусім нядоўга мяне ўгаворвала адправіцца на пошукі і не толькі аляпкі (пра гэта падрабязней ТУТ), былі Максім Косцін, Юрый Шашэнька і Таццяна Каржыцкая.
Мы планавалі за кароткі тады светлавы дзень на пачатку студзеня прайсці самую аляпкавую частку Ласасянкі ад упадзення яе ў Нёман да вадасховішча Юбілейнае. Але раптоўны мароз зранку зблытаў нашы планы і мы прайшлі толькі добра, калі палову шляху. Аляпкі там не было...
Праз тыдзень прыехала меншая, але не менш амбітная каманда ў складзе сямейнай пары з Натальі Капорыкавай і Генадзя Ардзюка. Мы зноў вылучылі цэлы дзень на той самы шлях уверх па Ласасянцы і, нават негледзячы на споры дождж, які пачаўся прыкладна пасярэдзіне маршруту, прайшлі яго. Аляпку не сустрэлі. Мае госці ад'ехалі дахаты, у Мінск. А ў той жа вечар у Клубе200 з'явілася паведамленне, што аляпку пад Гродна ўсё ж знайшлі!
Адбылося гэта амаль выпадкова і толькі дзякуючы таму, што яе адкрыўца, Ганна Лобач, пацікавілася вызначэннем птушкі.
Я адразу патэлефанаваў Юрыю Шашэньку, прадстаўніку першай каманды, і наступнай раніцай мы ўжо ехалі ізноў у ранейшым складзе глядзець аляпку на Аўгустоўскі канал.
Знайсці яе не было цяжка - птушка мела не вельмі вялікі выбар зручных для адпачынку камянёў каля аднаго са шлюзаў, але часам хавалася пад ім ці палявала непасрэдна каля водарэзаў таксама пад ім.
За прыкладна поўгадзіны нашых назіранняў, атрымалася убачыць дзіўныя прынамсі для мяне паводзіны. Птушка смела зрывалася ў хуткі паток вады з бетону водарэзаў і, здавалася, што хутка вада выкіне яе ўніз - бо см праз 50 паток зрываўся на некалькі метраў са шлюза. Але нічога падобнага - птушка нейкім цудам выпрыгвала без бачнага высілку амаль дакладна ў тым самым месцы на водарэз, адкуль і сыходзіла, ці спрыгвала ў ваду!
Часам яна ўжо на паверхні ела нейкую празрыстую лічынку, часам вярталася на паветра пустая.
Дакладна таксама адбывалася і на камянях - птушка сыходзіла ў хуткаплынны паток на некалькі секундаў, але выходзіла з яго таксама на тое самае месца! Як гэта магчыма і што рабіла пад вадой аляпка каб гэта атрымалася, для мяне і цяпер, пры ўспаміне пра гэта, шок і парушэнне законаў фізікі)
Час ляцеў хутка, мы вырашылі праверыць яшчэ адзін шлюз і ад'ехалі з першага. Яшчэ на ім пачаўся снегапад, які бліжэй да гораду ператварыўся ў сапраўдную завею. На гэтым нашы прыгоды з аляпкай скончыліся. Але не для птушкі - менш, чым праз тыдзень на яе прыехалі паглядзець і паздымаць дзесяткі бёрдуотчараў амаль з усёй Беларусі. Вось так і атрымалася яе трыўмфальнае вяртанне.
25-01-2021, Гарадзеншчына
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў і відэа тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ