Упершыню чайкі-рагатухі былі адзначаны на гнездаванні ў Польшчы на пачатку 1980-х гадоў. З 1989 г. пачалі гнездаваць тут штогод, аднак да апошняга часу не было спробаў зрабіць улікі гняздуючых птушак.
Чайка-рагатуха (Larus cachinnans) – адзін з відаў вялікіх белагаловых чаек, якая пад час апошняга ледавіка трымалася басейнаў Каспійскага і Аральскага мораў (Collinson et al. 2008). Такім чынам, за апошнія тысячагоддзі гнездавы арэал віда павялічыўся з сыходнага ад воз. Балхаш на усходзе да узбярэжжаў Чорнага мора на захадзе. Каланізацыя новых тэрыторый і акваторый актыўна працягваецца і ў наш час і ў заходнім кірунку новай краінай, дзе адзначана рэгулярнае гнездаванне, сталі Нідэрланды. Агульная колькасць чайкі-рагатухі ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы ацэньваецца ў мін 7600–8600 пар (Litwiniak et al. 2021).
Першыя пары на гнездаванні ў Польшчы былі адзначаныя ў 1981-82 гг у сярэдняй плыні Віслы. З канца 1990-х від пачаў актыўна каланізаваць параўнальна далёкую ад мора тэрыторыю Польшчы і спачатку від утвараў калоніі на дамбах вадасховішчаў або на астравах сярод рыбгасаў. Памер папуляцыі павялічваўся экспатэнцыяльна і дасягнуў 500 пар ужо ў 2005 годзе, 1400-1500 пар у 2011, 2000-3000 паміж 2013 і 2018 і 3000-3500 ў 2019-м годзе.
Для таго, каб зразумець трэнд зменаў колькасці віда і ў яго размяшчэнні, аўтары публікацыі прааналізавалі дадзеныя, сабраныя рознымі аўтарамі з усёй краіны да 2020 г., а ў 2021 г. былі праведзены агульнапольскія ўлікі віда.
Такім чынам, у 2021 г. чайка-рагатуха была адзначана на гнездаванні ў 44 месцах і агульная колькасць гняздуючых птушак была ацэнена ў 5554 пар. Цікава, што гняздуючыя пары размяшчаліся вельмі нераўнамерна і ў паасобных месцах гнездавала ад 1 да 1924 пар. Амаль 91% пар канцэнтравалася ў 9 вялікіх калоніях, у кожнай з якіх было не менш за 100 пар.
У 21 калоніі адзначаны да 10 пар, а ў яшчэ 10 месцах гнездавалі толькі адзінкавыя пары чайкі-рагатухі. 66% месцаў гнездавання віды былі размешчаныя на поўдні краіны, аднак у параўнанні з мінулымі гадамі вядома, што ўсё больш чаек каланізуюць новыя тэрыторыі і акваторыі, між іншым, на Гнязненьскім паазер’і (Pojezierzu Gnieźnieńskim).
У 2021 годзе чайкі-рагатухі не займалі для гнездавання 32 месца з 76, якія былі вядомыя з 1989 году. Большасць падобных месцаў – гэта месцы гнездавання асобных пар або невялікія калоніі з ≤20 пар, аднак зніклі і параўнальна вялікія калоніі. Найбольш дзіўны выпадак атрымаўся з калоніяй каля Тарнува (Tarnów, Паўднёвая Польшча), дзе ў 2001 годзе гнездавалі ажно 177 пар, аднак пасля 2008 г. птушкі там не адзначаліся. Гэтая калонія была заснаваная чайкамі ў 1992 годзе і ў 1996-2002 гг яна была найвялікшай паводле колькасці гняздуючых рагатух у Польшчы.
Сярэднегадавы прырост колькасці гняздуючых асобін чайкі-рагатухі ў 1989–2021 гг аказаўся 14,8% (12,3–17,3%) і ён самы вялікі сярод усіх відаў, якія гняздуюць у Польшчы. На другім месцы лебедзь-клікун (Cygnus cygnus) (11.0% прыросту штогод у 2007–20 гг) і зялёная жаўна (Picus viridis) (адпаведна 8.6% прыросту штогод у 2000–20 гг) (Wardeckiet al. 2021).
Цікава, што ацэнка колькасці віда, зробленая ўсяго два гады таму (у 2019) аказалася меншай за сапраўную амаль у два разы (Litwiniak et al. 2021). Аўтары публікацыі лічаць, што павелічэнне колькасці віда ў краіне будзе працягвацца найперш дзякуючы таму, што яшчэ многія, адпаведныя для гнездавання месцы, не занятыя, найперш у паўночнай і заходняй частках Польшчы. Акрамя гэтага, хутчэй за ўсё важным чыннікам застаецца даступнасць для чаек ежы на звалках камунальных адходаў. Гэта можа прыводзіць да высокай прадуктыўнасці віда і павялічанага выжывання птушак.
Крыніца: Marcin Przymencki et al. 2022 Current distribution, abundance and trends of the Caspian Gull Larus cachinnans in Poland, Ornis Polonica 2022, 63: 1–11
Паводле Ornis Polonica і www.researchgate.net падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Складаная генетыка вялікіх паўночных чаек
Брытанскія чайкі ведаюць, калі ў тамтэйшых вучняў перапынкі на ежу
Чайкі-чорнакрылкі ў Фінляндыі: ці стратэгія харчавання ўздзейнічае на колькасць птушак?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ