Чайкі-чорнакрылкі ў Фінляндыі: ці стратэгія харчавання ўздзейнічае на колькасць птушак?

яайка-чорнакрылка

У адрозненне ад многіх іншых чаек, намінальны падвід чайкі-чарнакрылкі (Larus fuscus fuscus) у апошнія дзесяцігоддзі паказвае пастаянны трэнд па змяншэнню колькасці ва ўсходняй Феннаскандыі. І хаця ў якасці прычын гэтага прапануюцца розныя: міжвідавая канкурэнцыя з іншымі відамі чаек, турбаванне чалавекам, атручванне пестыцыдамі, недахоп ежы ды іншыя, сапраўднага становішча ніхто не ведае. Каманда фінскіх арнітолагаў з дапамогай сучасных метадаў даследаванняў спрабавала атрымаць адказы на пагрозы, якія існуюць для гэтых чаек пад час сезону гнездавання.  

Паводле OSPAR (2009), сусветная папуляцыя чайкі-чарнакрылкі (Larus fuscus, усе падвіды) налічвае  680 000–750 000 пар, прычым у Еўропе больш за 300 000 пар. Аднак паводле нацыянальных улікаў, чайкі намінальнага падвіду L.f. fuscus маюць колькасць у 18 000–19 000 пар. У Фінляндыі гняздуюць (2013) каля 7300 пар (Hario, 2014), падвід занесены у Чырвоны спіс як Пагражаемы endangered (EN) (Tiainen et al., 2016). Падобны ахоўваемы статус у Чырвоных кнігах падвід мае таксама ў Швецыі, Нарвегіі, Эстоніі і Карэліі (Расія). Толькі папуляцыя на Белым моры павялічылася пасля 2000-х гг (Cherenkov et al., 2007).

Скарачэнне колькасці чаек-чорнакрылак намінальнага падвіду звязваюць з недахопам ежы для птушанят на тэрыторыях гнездавання, а таксама павялічаную іх смяротнасць з-за высокага ўзроўню ДДТ, які набіраюць бацькі пад час зімоўкі ва Усходняй Афрыцы Hario et al. (2004). Дадатковымі чыннікамі невялікай колькасці птушанят, якія вылятаюць з гнёздаў, можа быць міжвідавая канкурэнцыя з чайкай-клыгуном (Larus argentatus) і марской чайкай  (Larus marinus), а таксама драпежніцтва перадапошняй Hario (1994). Акрамя гэтага, на гнёздах чарнакрылак адзначаны ў якасці драпежнікаў амерыканскія норкі (Neovison vison), шулякі-галубятнікі (Accipiter gentilis), шэрыя вароны (Corvus corone cornix) і арланы-белахвосты (Haliaeetus albicilla) Blight et al., 2015.

У 2009 г у пачатку сезону гнездавання GPS-спадарожнікавымі перадатчыкамі былі пазначаны 25 чаек у розных месцах Фінляндыі.

Пасля праверкі месцаў харчавання па атрыманых з перадатчыкаў дадзеных, атрымалася, што ўсіх чаек можна было ўмоўна падзяліць на 2 вялікія групы: большасць з іх ляталі на месцы з вялікай колькасцю даступнай ежы: вялікія звалкі, “футраныя” фермы, месцы раздзелкі рыбы нават здалёк. У невялікай колькасці асобныя чайкі харчаваліся дажджавымі чарвямі, насякомымі або снулай рыбай. Другая частка чаек лятала толькі на адно з месцаў з (вялікім) доступам да ежы: толькі на адну і тую ж звалку, катэдж рыбака або поле – гэта, напэўна, дазваляла пазбягаць птушкам як між-, так і унутрывідавой канкурэнцыі за ежу.  

У Заходняй Фінляндыі чарнакрылкі найбольш часта наведваліся на “футраныя” фермы і фактычна не даляталі да ўзбярэжжаў. Усе далёкія палёты кіраваліся менавіта на такія, тыя самыя фермы. У Паўднёвай Фінляндыі большасць пазначаных перадатчыкамі чаек харчавалася на звалках, прычым на адлегласці максімум 30-50 км ад месца гнездавання.  Толькі 3 з 16 чаек там не ляталі на звалкі і шукалі ежу на азёрах і палях побач з гнёздамі. Ва Усходняй Фінляндыі чайкі менш часта харчаваліся на звалках (некаторыя зусім там не былі), хутчэй за зсё таму, што яны былі параўнальна далёка ад іх гнёздаў – пр. у 52 км.

Хутчэй за ўсё, розныя стратэгіі і месцы харчавання ў гнездавы сезон прыводзяць як мінімум часткова да розных вынікаў у гнездаванні і яго поспеху. Адной з галоўных праблем для дарослых птушак аказаўся іх адстрэл на “футраных” фермах.

 

Крыніца:

Risto Juvastea, Elena Arrierob, Anna Gagliardoc, Richard Hollandd, Markku J. Huttunene, Inge Muellerb, Kasper Thorupf, Martin Wikelskib, Juhani Hannilah, Maija-Liisa Penttineni, Ralf Wistbackaj (2017) Satellite tracking of red-listed nominate lesser black-backed gulls (Larus f. fuscus): Habitat specialisation in foraging movements raises novel conservation needs. Global Ecology and Conservation Volume 10, April 2017, Pages 220–230 https://doi.org/10.1016/j.gecco.2017.03.009

Паводле www.sciencedirect.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Юрыя Квача

 

 

На гэтую тэму:

Поспех чаек - смецце

Як чайкі сталуюцца ў качак + VIDEO

Непаспяховыя трохпалыя чайкі зімуюць у Амерыцы

Ці могуць чайкі пачуць пах добрага партнёра?

Эвалюцыя вялікіх відаў чаек

Складаная генетыка вялікіх паўночных чаек