Хутчэй за ўсё загінуў Omid - апошні белы журавель з заходняй Сібіры

Рэзка павялічыліся апасенні таго, што заходне-сібірская папуляцыя белага жураўля (Leucogeranus leucogeranus) канчаткова знікла, таму што хутчэй за ўсё загінуў апошні вядомы нам яе дзікі прадстаўнік, дарослы самец па мянушцы Omid - ён не прыляцеў на сваё пастаяннае месца зімоўкі ў Іране.

Звычайна ён прылятаў на ўзбярэжжа Каспійскага мора найпазней у лістападзе, аднак і на працягу сёлетняга снежня яго дагэтуль там яшчэ не бачылі.

Раней жураўлі з заходнесібірскай папуляцыі віда зімавалі ў Іране і ў Індыі (да 2002 году). Катастрафічнае змяншэнне колькасці гэтых птушак прывяло да таго, што ў 2002 годзе засталося толькі 4 такіх белых жураўля! Апошняя самка з гэтай папуляцыі, якая атрымала ад мясцовых іранцаў імя Arezoo (Жаданне на фарсі), загінула пад час шторму ў лютым 2009 году, а ўсе спробы аднавіць папуляцыю ў Расіі скончыліся няўдачай.

Пасля таго, як апошняя самка загінула, у жывых застаўся толькі самотны самец, які атрымаў мянушку Omid – Надзея (фарсі). Штовосень ён прылятаў з Сібіры на зімоўку ў Іран у мясцовасць Fereydunkenar у правінцыі Mazandaran. Толькі двойчы ён не даляцеў да Ірана– у 2009 і 2015 гг, чым прымусіў хвалявацца іранскіх арнітолагаў і прадстаўнікоў службы аховы прыроды. На прыканцы кастрычніка 2022 году Omid у 15-ы, апошні (?) раз прыляцеў у Fereydunkenar.

Мінулай зімой з адмысловага пітомніка ў Бельгіі ў Іран была дастаўлена самка белага жураўля па мянушцы ‘Roya', якая нарадзілася ў няволі. Яе адразу прыняў Omid і яны разам зімавалі да пачатку сакавіка, калі, таксама разам, пачалі вясновую міграцыю. Аднак пазней выявілася, што Roya змагла даляцець толькі да паўночна-заходняй часткі Ірана, дзе і была адлоўлена. Не затрымаўся на адпачынак у Азербайджане (дзе прыпыняўся пад час вясновай міграцыі ў 2020 і 2022 годзе) і Omid, які цяпер не прыляцеў і на зімоўку ў Іран.

Від мае статус ‘крытычна пагражаемага’ (Critically Endangered) паводле класіфікацыі МСАП (IUCN). Больш усходняя папуляцыя віда, якая гняздуе ў паўночна-усходняй Сібіры і налічвае каля 2 тысяч птушак, зімуе амаль выключна на возеры Poyang у Кітаі, у ніжнім басейне ракі Yangtze. Але гэтае месца зімоўкі апынулася пад пагрозай негатыўных зменаў з-за гігантычнага праекту пабудовы гідраэлектрастанцый, і, адпаведна, сістэмы плацін на рацэ.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На здымку, зробленым у Азербайджане ў сакавіку 2022 году, Omid пад час вясновай міграцыі.

 

 

На гэтую тэму:

Апошняя спроба выратаваць заходнесібірскую папуляцыю белага жураўля?

Апошні белы журавель з Заходняй Сібіры прыляцеў у Іран

Колькасць зімуючых у Іране белых жураўлёў зменшылася да адной птушкі