З-за нядбайнасці разводчыкаў птушак у Чэхіі ўпершыню загнездавала вялікая туркаўка

Пасля дзесяцігоддзя рэгулярных назіранняў некалькіх асобін вялікай туркаўкі (Streptopelia orientalis) у той самай мясцовасці ў паўночна-усходняй частцы Чэхіі, у мінулым годзе там быў зарэгістраваны і першы выпадак гнездавання гэтага азіяцкага віду птушак.

Першае назіранне вялікай туркаўкі адбылося каля паселішча Nové Mlýny ў 2012 годзе, з 2015 году птушкі сталі там рэгістравацца штогод. Большасць рэгістрацый віда, зробленых там, адносяцца да перыяду паміж кастрычнікам і сакавіком, калі вельмі падобны, але меншы памерамі абарыгенны еўрапейскі від, звычайная туркаўка (S. turtur), адлятае на зімоўку і вялікіх туркавак становіцца нашмат лягчэй правільна вызначаць. Даволі хутка аказалася, што адзначаныя вялікія туркаўкі не дзікія, таму што ў некалькіх птушак былі заўважаныя кольцы разводчыкаў, ад якіх ім атрымалася ўцячы.

Найбольшая колькасць вялікіх туркавак, якая была там зарэгістраваная, налічвала прыкладна 30 асобін.

Неўзабаве адбыўся і першы выпадак гнездавання віду для Чэхіі, калі вясной 2022 году на беразе вадасховішча паміж вёскамі  Dolní Věstonice і Pavlov на вішні было знойдзена гняздо. У сярэдзіне красавіка ў ім былі два вялікіх птушаняці, аднак 26 красавіка, пад час чарговай праверкі гнязда аказалася, што яны зніклі, засталіся толькі пер’я ад аднаго ці абодвух птушанят. Такім чынам было вызначана, што гняздо было разрабавана нейкім драпежнікам.

Выпадак гнездавання быў разгледжаны Чэшскай фауністычнай камісіяй (Czech Rarities Committee) і аднесены да катэгорыі E, таму што загнездавалі птушкі, збеглыя з няволі. З-за таго, што ў прыродных умовах у тым самым месцы ўсё яшчэ знаходзіцца параўнальна вялікая колькасць вялікіх туркавак, існуе небяспека іншых выпадкаў гнездавання і тэарэтычная магчымасць утварэння імі і іх патомкамі гнездавой папуляцыі, якая зможа самастойна падтрымліваць сваю колькасць.

Для Еўропы від застаецца выпадкова залётным і шмат разоў адзначаўся ў многіх краінах нашага кантыненту. Аднак у межах Заходняй Палеарктыкі дзікія птушкі адзначаны на гнездаванні толькі на Урале.

Крыніца: Berka, P, & Horal, D. 2023. The Oriental Turtle Dove (Streptopelia orientalis) – a new breeding bird species for the Czech Republic. Crex 40: 203-210.

Паводле www.birdguides.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Недалёка ад межаў Беларусі адзначана вялікая туркаўка

Чаму барадач хутчэй за ўсё не ўвайдзе ў асноўны Спіс птушак Беларусі