Шызыя чайкі і гарадзкая інфраструктура ў Польшчы

шызая чайка

Гнездаванне чаек на разнастайных аб’ектах інфрастуктуры ў гарадах Еўропы вядомае ўжо больш за 100 гадоў. Часцей за ўсё яго тлумачаць тым, што павелічэнне колькасці чаек перавышае даступныя ім магчымасці ў традыцыйных, прыродных месцах гнездавання - яны знішчаюцца або фрагментуюцца з-за дзейнасці чалавека.

Размяшчэнне гнёздаў на дахах дае птушкам некаторыя перавагі, напрыклад, так іх кладкі і птушаняты могуць пазбегнуць драпежніцтва звяроў. Аднак калі чайкі харчуюцца амаль выключна ежай антрапагеннага паходжання ў гарадах і навокал іх, гэта можа змяншаць іх поспех размнажэння і гнездавання.

Шызая чайка (Larus canus) - знікаючы ў Польшчы від, колькасць якога значна змяншаецца ў краіне з сярэдзіны 1990-х гадоў. У гэты ж час птушкі і пачалі гнездаваць у польскіх гарадах, але больш інтэнсіўным гэта стала толькі ў апошнія 10-15 гадоў.

У 2023 годзе, калі праводзілі спецыяльныя ўлікі, па ўсёй краіне налічылі ў гарадах гнездаванне 227 пар шызых чаек. Галоўным чынам чайкі выбіралі будаваць гнёзды на дахах розных будынкаў - такіх пар было больш, чым 90%.

Найбольш чаек гнездавалі на гарадзкой інфраструктуры ў басейне Віслы: у Włocławku (136 пар), Warszawie (29) i Płocku (27). Аднак гнездавалі птушкі ў гарадах і ў іншых месцах Польшчы: у Olsztynie, Ostrowie Wielkopolskim i Stargardzie. Даследчыкі лічаць, што насамрэч колькасць віда ў польскіх гарадах можа быць большай, таму што знаходкі гнёзд у гарадзкой інфраструктуры могуць быць даволі цяжкім заняткам.

Хутчэй за ўсё колькасць шызых чаек, якія будуць выбіраць польскія гарады для гнездавання, будзе павялічвацца, як гэта адбывалася ў іншых еўрапейскіх краінах.

Крыніца: Marcin Przymencki et al. 2024 Liczebność i rozmieszczenie mew siwych Larus canus gniazdujących na obiektach infrastruktury miejskiej w Polsce w roku 2023, Ornis Polonica 2024, 65: 42–56

Паводле www.ornis-polonica.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

На гэтую тэму:

О необычном гнездовании сизых чаек в Витебске

Размяшчэнне на гнездаванні, колькасць і відавы склад вялікіх чаек у Беларусі

Да 40-годззя гнездавання чайкі-рагатухі ў Польшчы: ад з’яўлення да найбольш паспяховай экспансіі

Марская чайка значна змяншыла сваю колькасць амаль па ўсяму арэалу