Марская чайка значна змяншыла сваю колькасць амаль па ўсяму арэалу

марская чайка

Марская чайка (Larus marinus), самы вялікі памерамі сучасны прадстаўнік сваёй групы ў Свеце, згодна з апошняй публікацыяй вялікай міжнароднай каманды арнітолагаў зменшыла сваю колькасць амаль на палову на працягу апошніх 40 гадоў.

Пасля апошніх ўлікаў, якія праводзіліся ў 2021 годзе ва ўсіх месцах распаўсюджання віду, Sam Langlois Lopez з калегамі прааналізаваў папуляцыйныя трэнды марской чайкі ў глабальным, кантынентальным і нацыянальных маштабах (для розных краін у межах яе арэалу) у параўнанні з дадзенымі з 1985 году.

Атрыманыя вынікі пацвердзілі непакой многіх даследчыкаў пра тое, што марская чайка значна зменшыла сваю колькасць і што было раней адзначана на лакальным і рэгіянальным узроўні ў многіх месцах яе арэалу і ў Паўночнай Амерыцы, і ў Еўропе. Яе глабальная папуляцыя зменшылася на 43-48%: з 291 тысяч пар у 1985 годзе да 152-165 тысяч пар у 2021 годзе. Гэта адпавядае змяншэнню колькасці ў сярэднім на 1,2-1,3% штогод.

Найбольш значныя змены колькасці віда адбыліся за гэты час сярод паўночнаамерыканскіх папуляцый, дзе від за гэты час ‘страціў’ да 68% сваёй колькасці паміж 1985 і 2021 гг.. За той жа прамежак часу еўрапейскія папуляцыі зменшыліся “толькі” на 28%.

Негледзячы на моцны агульны негатыўны трэнд колькасці віда, навукоўцы адзначылі і асобныя папуляцыі, якія за той жа час павялічылі сваю колькасць. Аднак гэтак адбывалася або толькі з невялікага памеру папуляцыямі, або на перыферыі арэалу марской чайкі, або ў параўнальна нядаўна каланізаваных відам месцах. Гэта, напрыклад, Гішпанія, Германія і Нідэрланды ў Еўропе, а ў Паўночнай Амерыцы штаты Паўночная Караліна і Вірджынія ў ЗША. Тым не менш, сур’ёзныя негатыўныя трэнды адзначаны для самых значных папуляцый віда на атлантычных узбярэжжах Канады, ЗША, на Брытанскх астравах і ў Ісландыі. Параўнальна стабільнай застаецца, здаецца, толькі вялікая папуляцыя ў Нарвегіі.

Прычыны такога працяглага адмоўнага трэнду незразумелыя. Хутчэй за ўсё, часткова імі могуць быць змяншэнне для чаек даступнасці адходаў рыбалоўства, а таксама агульнае змяншэнне здабычы адпаведнага памеру ў прыродным асяроддзі.  

Адным з вынікаў публікацыі Langlois з калегам прапануюць зрабіць перагляд ахоўнага статуса марской чайкі з Least Concern (“від, які выклікае найменшыя апасенні”) на Vulnerable (“уразлівы від”) згодна з крытэрам А2 IUCN Red List of Threatened Species – змяншэнне памеру папуляцыі на больш, чым 30% на працягу трох апошніх пакаленняў.

Крыніца: Langlois Lopez S. et al. 2022. Global population and conservation status of the Great Black-backed Gull Larus marinus. Bird Conservation International, 1-11. DOI: https://doi.org/10.1017/S0959270922000181

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Поспех чаек - смецце

Да 40-годззя гнездавання чайкі-рагатухі ў Польшчы: ад з’яўлення да найбольш паспяховай экспансіі

Чайкі-чорнакрылкі ў Фінляндыі: ці стратэгія харчавання ўздзейнічае на колькасць птушак?