У Чарнобыльскай зоне змяншаецца біяразнастайнасць

На працягу чатырох гадоў у 2006-09 гг. група навукоўцаў праводзіла ў зоне адсялення людзей вакол былой Чарнобыльскай АЭС ўлікі насякомых, амфібій, рэптылій, птушак і звяроў. Вынікі гэтай працы яны апублікавалі на старонках часопіса Ecological Indicators.

Галоўная выснова даследавання – радыёактыўнае забруджванне аказвае моцны ўплыў на біяразнастайнасць. Праф. Тыматы Массо (Professor Timothy Mousseau) з універсітэту Паўднёвай Караліны (ЗША) і д-р Андрэс Молер (Dr Anders Moller) з універсітэту Paris-Sud, (Францыя) разам працавалі ў гэтым праекце.
Іх папярэдняя публікацыя на гэтую ж тэму паказала негатыўны ўплыў невялікіх дозаў радыяцыі на птушак і насякомых, якія жывуць вакол былой станцыі.
Новыя дадзеныя, атрыманыя для рэптылій і звяроў паказалі, што і ў гэтых групах жывёл назіраюцца сігналы да змяншэння разнастайнасці.
Даследчыкі параўналі багацце відаў у зоне адсялення людзей з тым жа паказчыкам у падобных біятопах па за ёй на тэрыторыях, якія не былі радыёактыўна забруджаныя.
"Праўда ў тым, што эфекты гэткага радыёактыўнага забруджвання настолькі вялікія, што іх цяжка не заўважыць” – сказаў праф. Массо. Пад час правядзення ўлікаў ён і д-р Молер найбольш яўны негатыўны ўплыў радыяцыі адзначалі на птушак. Так, на вясковых ластаўках (Hirundo rustica) яго каманда рэгістравала пухліны на шыі, нагах і вакол вачэй птушак.
“Мы лічым, што /такія віды птушак/ больш адчувальныя з-за сваіх доўгіх міграцый да дадатковых негатыўных фактараў навакольнага асяроддзя” .- сказаў праф. Массо.
 

Украінскія навукоўцы скрытыкавалі высновы заходніх калег. Д-р Сергій Гашчак з Чарнобыльскага цэнтру Ўкраіны не быў даступны, каб даць каментар па апошняй публікацыі. Аднак наконт папярэдняй працы той жа каманды даследчыкаў пра насякомых і птушак ён сказаў БіБіСі ў мінулым годзе, што прыйшоў да супрацьлеглых высноваў: "Дзікая прырода сапраўды расквітае ў Чарнобыльскай зоне – з-за нізкага ўзроўню ўздзеяння /на яе/ чалавека. Усе жывыя арганізмы з’явіліся і развіваліся пад уздзеяннем радыяцыі, таму механізмы адпорнасці і ўзнаўлення ўзніклі для выжывання ў такіх умовах”.
Аднак праф. Массо не пагаджаецца з гэтым і кажа: “Гэта першая праца, якая забяспечвае колькасныя, строгія дадзеныя, што звяры сапраўды сур’ёзна адчулі радыёактыўнае забруджванне. Гэта не кепская ідэя – ператварыць гэтыя мясціны ў рай для дзікай прыроды. Гэта прыродная лабараторыя, дзе мы можам вывучаць доўгатэрміновыя эфекты такога тыпу /тэхнагенных/ катастрофаў. “
У папярэднім артыкуле тых жа аўтараў сцвярджалася, што пад час ўлікаў 1570 асобін птушак 57 відаў іх колькасць на самых забруджаных тэрыторыях была меншаю на 66% у параўнанні з месцамі, дзе адзначаны нармальны ўзровень радыяцыі.
 

Здымак былой Чарнобыльскай АЭС Дзьмітрыя Вінчэўскага
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by