З 1990 году ў паўднёва-ўсходняй Польшчы дакладна сочаць за лёсам невялікай папуляцыі адной з самых прыгожых еўрапейскіх птушак – сіняга сіваграка (Coracias garullus). На жаль, пасля некаторага ўзросту колькасці гняздуючых птушак у 2002-2008 гг., апошнія два гады адбываецца значны спад.
У гэтым годзе тэрыторыя, на якой праводзяць даследаванні сябры "Akcji Kraska" (Акцыя сіваграк), павялічылася. Аднак у новых месцах не атрымалася знайсці сівагракаў. Мінулае лета не спрыяла надвор’ем размнажэнню птушак – частку пастаяннай тэрыторыі гнездавання залівала і падтоплівала шматлікімі дажджамі. Ўсяго было адзначана 12 даказаных гнездавых тэрыторый, а два гады таму іх было ў два разы больш. Акрамя гэтага, яшчэ 9 тэрыторый займаліся сівагракамі, але даказаць гнездаванне там не атрымалася. Гэтая лічба на 7 адпаведных месцаў менш, чым у 2009 годзе і на 13 менш, чым у 2005.
З 2005 году ў гэтай частцы Польшчы пачалі вывешваць гнездавыя скрыні для сівагракаў каб мець магчымасць прыцягнуць птушак туды, дзе не хапае або няма натуральных дуплаў адпаведнага памеру. Найбольшую колькасць гнездавых скрыняў сівагракі займалі ў 2007-08 гг., калі там гнездавалі па 7 пар. У 2009-10 гг. толькі 5 пар занялі штучныя дуплы.
У наступным годзе запланаваны працяг маніторынгу віду на тэрыторыі ўсёй Польшчы дзякуючы таварыству OTOP у рамах дзяржаўнага маніторынгу навакольнага асяроддзя (Państwowego Monitoringu Środowiska).
На сайце www.kraska.eco.pl можна знайсці больш інфармацыі пра
Інвентарызацыю гнездавых тэрыторый
Развешванне гнездавых скрыняў
Ахову месцаў гнездавання
Метады аховы ад драпежнікаў
Ачыстку дуплаў
Кальцаванне каляровымі кольцамі і іншае.
Паводле www.kraska.eco.pl праз www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак сіваграка Mateusz Matysiak з www.birdwatching.pl
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ