Упершыню за апошнія 37 год навукоўцы апісалі новы від птушак у ЗША. Цікава, што адкрыццё адбылося дзякуючы тушцы ў музейнай калекцыі, якая знаходзілася там з 1963 году.
Менавіта тады група амерыканскіх навукоўцаў з Institute for Bird Populations у рамках вялікага даследчага акеанічнага праекту наведала Гавайскія астравы. Сярод іншых збораў, яны здабылі на атоле Мідуэй адзін экземпляр буравесніка, якога тады вызначылі як малага - Puffinus assimilis.
Пад час нядаўняй працы над зборамі розных музеяў Пітэр Пайл (Peter Pyle), які рыхтаваў кнігу па птушкам Гаваяў, спрабаваў, але не змог вызначыць адну з са скурак буравеснікаў: знойдзены ім экземпляр быў меншы і меў карацейшыя крылы і хвост за вядомыя віды.
Генетычны аналіз паказаў, што гэта сапраўды невядомы для навукі від, генатып якога добра адрозніваецца ад іншых буравеснікаў. Яго найбліжэйшым – хаця і далёкім – крэўным ёсць буравеснік Бойда Puffinus boydi. Ад іншых відаў новаапісаны аддзяліўся прыкладна 2 мільёны гадоў таму.
Пайл і арнітолагі са Смітсанаўскага інстытуту Робэрт Флейшэр (Robert Fleischer) і Эндрэана Уэлч (Andreanna Welch) назвалі новы від буравеснікам Брайана Puffinus bryani – у гонар Эдвіна Брайана (Edwin Bryan), былога куратара музею Бішапа (Bishop Museum) у Ганалулу. Публікацыя пра адкрыццё з’явілася ў часопісе The Condor.
Гэта другі новы від з Гавайскіх астравоў, апісаны за апошнія 40 год – у 1974 г. там быў апісаны По’оўлі Po’ouli (Melamprosops phaeosoma).
“Многія арнітолагі мараць апісаць новы від” – сказаў Пайл. “ Некаторыя з іх дагэтуль гэта робяць у Амазоніі. Але зрабіць гэта практычна на “сваім заднім двары” – гэта вялікі сюрпрыз”.
Пра новы від амаль нічога невядома. Паводле Пайла, другая птушка была злапаная і акальцаваная ў 1990 г. таксама на атоле Мідуэй – яе здымак і прамеры адпавядаюць новаапісанаму віду. Назіранні невялікіх і невызначаных да віду буравеснікаў з Японіі, Каліфорніі і Аляскі могуць адносіцца да буравесніка Брайана.
Крыніца: Peter Pyle, Andreanna J. Welch and Robert C Fleischer. A new species of shearwater (Puffinus) recorded from Midway Atoll, northwestern Hawaiian Islands. The Condor, published online June 14, 2011.
Здымак з www.wired.com
Паводле www.wired.com і www.smithsonianscience.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Cакатранскі канюх – новы від птушак
Самы рэдкі альбатрос на Зямлі аказаўся асобным відам
Новы від птушак апісаны на Мадагаскары
Генетыка дапамагае адкрыць невядомую папуляцыю
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ