Брытанцаў заклікаюць назіраць за птушкамі ў чаканні прылёту самкі малога лебедзя, якая атрымала імя “Хвалістая” (Crinkly). “Хвалістая” была так названая з-за свайго спецыфічнага калецтва – доўгай і хвалістага кшталту шыі. Не гледзячы на яго, прылёту гэтага лебедзя – разам з прыкладна яшчэ трыма-пяццю тысячамі іншых тундравых (або малых) лебедзяў – з дня на дзень чакаюць у Вялікабрытаніі на месцах іх пастаяннай зімоўкі.
Усіх, хто адзначыць “Хвалістую”, Трэст водных птушак і забалочаных тэрыторый (Wildfowl and Wetlands Trust (WWT)) просіць паведаміць дату і падрабязнасці сустрэчы.
Малыя лебедзі (Cygnus columbianus bewikii) – самы невялікі від лебедзяў з трох, якія сустракаюцца на Брытанскіх астравах. Штогод тысячы з іх прылятаюць на брытанскія ўзбярэжжы, каб правесці тут усю зіму.
Многія з іх прыпыняюцца ў рэзерватах, створаных WWT, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў знакамітым мястэчку Слімбрыдж (Slimbridge) у Gloucestershire.
Пасля прыкладна 3000 км, якія яны пераадольваюць пад час вандроўкі з поўначы Расіі, лебедзі адпачываюць на забалочаных тэрыторыях Slimbridge, Welney у Norfolk і Martin Mere у Lancashire.
Многія з птушак прылятаюць на тыя самыя тэрыторыі і акваторыі штогод, пасля таго, як упершыню былі адзначаныя там у якасці маладых, яшчэ шэрых лебедзяў. Сярод іншых лебедзяў навукоўцы маюць надзею зноў сустрэць “Хвалістую”, калі ім – і птушцы – пашанцуе, людзі адзначаць яе пералёты на працягу амаль 20 тысяч міль.
"У гэтым годзе мы асабліва чакаем на гэтага лебедзя. – сказала Джулія Ньюф (Julia Newth) з WWT. Нават з такім калецтвам, якое ніяк не дадае ёй аэрадынамічную форму, праляцець як мінімум 20 тысяч міль – гэта дасягненне, якое мы дагэтуль не адзначалі сярод больш 10 тысяч іншых малых лебедзяў, за якімі мы назіраем апошнія 50 год”.
Навукоўцы асабліва спадзяюцца на дапамогу бёдуотчараў і звычайных людзей.
Феналагічныя назіранні прылёту гэтага віду птушак на зімоўку ёсць часткай больш агульнага праекту WWT і партнёрскіх арганізацый, мэта якога – зразумець, чаму год ад году колькасць малых лебедзяў на асноўных месцах зімоўкі змяншаецца (самая вялікая колькасць гэтых птушак зімуе ў Нідэрландах).
Сярод магчымых прычын называюцца меншы поспех гнездавання, страта месцаў гнездавання, іх забруджванне і нелегальнае паляванне на птушак у Расіі, а таксама пацяпленне клімату.
Пачытаць “Дыярыюш пра лебедзяў” Джуліі Ньюф можна тут: swan diary
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ