Неадназначная рэінтрадукцыя зялёнакрылага ара ў Аргенціне

 

Пасля амаль 200 год адсутнасці, хутка ў Аргенціне ізноў у прыродзе можна будзе ўбачыць зялёнакрылага ара (Ara chloroptera) – птушак выпусцілі ў паўночна-ўсходняй частцы краіны ў выніку выканання схемы рэінтрадукцыі віду. Праект ажыццяўляе таварыства Aves Argentinas, партнёр глабальнай прыродаахоўнай арганізацыі BirdLife International. 

Вялікія ярка апераныя папугаі на працягу стагоддзяў пераследаваліся чалавекам з-за прыгожага каляровага апярэння. Яшчэ ў гістарычныя часы ў сучаснай правінцыі Corrientes на паўночным усходзе Аргенціны жылі два віды віды ара: зялёнакрылы і гіяцынтавы Glaucous Macaw (Anodorhynchus glaucus), прычым другі від быў вынішчаны цалкам не толькі ў Аргенціне і афіцыйна лічыцца зніклым. На шчасце, зялёнакрылы ара знік толькі ў рэгіёне, але застаўся ў іншых краінах Амазоніі ў параўнальна абмежаваным арэале. Абодва віды некалі насялялі джунглі ў эстуарыях і пальмавыя і галярэйныя лясы ўздоўж вялікіх рэк.

На сённяшні дзень від распаўсюджаны толькі прыкладна ў 200 км на поўнач ад межаў Аргенціны ў штатах Mato Grosso do Sul і Parana Бразіліі, на скрайняй поўначы Парагвая і на паўднёвым усходзе Балівіі, дзе не мае адпаведнай аховы. І хаця від аднесены да катэгорыі “Не выклікаючы апасенняў” (Least Concern) у глабальным маштабе, аднак у Аргенціне ён лічыцца відам, якому крытычна пагражае знікненне (Critically Endangered), хаця ніякіх сучасных рэгістрацый віду даўно не было і ён мог бы лічыцца афіцыйна зніклым.

Так атрымалася, што прыродны рэзерват Ibera прадстаўляе ўнікальныя магчымасці да ўзнаўлення папуляцыі ара, таму што мае адпаведнай якасці ахову і лясы. Акрамя гэтага, там працуюць эксперты, якія маюць досвед паспяховай рэінтрадукцыі. Таму выпуск птушак і ажыццяўляецца там.

Папугаі з розных заапаркаў і цэнтраў размнажэння сабраныя для праходжання карантыннага перыяду на працягу некалькіх тыдняў у адным авіярыі, дзе, акрамя гэтага, вучацца харчавацца на мясцовых раслінах. Перад выпускам птушкі атрымалі радыёперадатчыкі невялікага памеру, якія дазволяць сачыць за кожным папугаем асобна.

Акрамя назапашвання неабходнага для аховы і назіранняў за рэінтрудакаванымі птушкамі досведу і наладжвання кантактаў з мясцовымі супольнасцямі і ўладамі, навуковымі і прыродаахоўнымі арганізацыямі і ўстановамі, ініцыятары праекту маюць надзею на прыцягненне ўвагі да рэінтрадукцыі такога прыгожага і вялікага віду экатурыстаў і іх грошы. Аднак недастаткова ахоўваемымі і вывучанымі застаюцца вялікая колькасць іншых відаў аргенцінскіх птушак, якім “непашчасціла” не знікнуць, і якія ў выніку праекту па рэінтрадукцыі зялёнакрылага ары не атрымаюць належнай ім увагі, хаця і маюць значна горшы глабальны статус.

Паводле www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.flickr.com

 

На гэтую тэму: