Не мной першым заўважана: каб убачыць сапраўды нешта цікавае,трэба толькі апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы.
Так было і ў той дзень - я падыходзіў да астраўкоў пасярэдзіне Нёмана і , як і раней, вырашыў агледзець хто там праз аб'ектыў фотакамеры. І тут я ўбачыў нешта, што дагэтуль бачыў толькі на чужым відэа ў Сеціве. Дарослая чайка-рыбачка (Larus ridibundus) хутка і ўпэўнена перастаўляючы пад сабой ногі , вытаптывала нешта ў неглыбокай вадзе! Я пачаў здымаць здалёк, не спадзеючыся, што гэта можа працягвацца доўга.
І сапраўды, гэтая чайка 'вытаптывала' здабычу нядоўга. Але з прыкладна 15 іншых чаек-рыбачак рознага ўзpосту, пераважна маладых птушак гэтага году, замест яе побач сталі тое самае рабіць спачатку 1, а потым 2-3 чайкі амаль адначасова.
Хутчэй за ўсё яны навучыліся гэта рабіць на прыкладзе гэтай ці іншай дарослай птушкі:
Ад гэтых рухаў на дне яўна нешта ўсплывала, бо чайкі час ад часу хапалі гэта на паверхні вады або недалёка ад яе ў вадзе.
Ні да гэтага, ні пасля я нічога падобнага тут не бачыў. Ці было гэта звязана з унікальным досведам адной дарослай чайкі і яе прыкладам, які аказаўся не вельмі паспяховы - бо інакш павінен быў паўтарацца іншымі чайкамі штодня?
Нёман у Гродна, 18-08-2020
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ