Прыквел і частка І, частка ІІ, частка ІІІ
З маёй апошняй сустрэчы з сям’ёй шэрых курапатак (Perdix perdix), якую я ўжо стаў лічыць “старымі знаёмымі”, прайшло толькі два дні. І вось, зранку, новая сустрэча: курапаткі перабраліся на няскошаную расліннасць у Станцыі ратавання на вадзе. Склад быў той самы: дарослая пара і шасцёра маладых.
Хаця маладыя птушкі ўжо практычна не адрозніваліся памерамі ад дарослых, аднак акрамя моладзевай афарбоўкі вылучаліся яшчэ і адначасова больш няўпэўненымі і бяспечнымі паводзінамі: яны стараліся трымацца разам і бліжэй хаця б да адной з дарослых птушак. А раз ёсць нехта больш дасведчаны або нават такі, як ты, які і так глядзіць за наваколлем і адсочвае магчымыя небяспекі, то не варта хвалявацца і трэба спакойна есці разнастайнае насенне. Чым яны амаль увесь час і займаліся.
Дарослыя ж птушкі, як і раней, харчаваліся значна менш часу – бо і праўда часцей назіралі за тым, што адбываецца побач, яны ж выбіралі наступныя месцы харчавання, куды і пераходзіла хутчэй ці больш павольна ўся сям’я.
Паступова ўсе яны прайшлі ўздоўж плоту Станцыі і калі перакрочылі дарогу, то сталі падымацца на пагорак, за якім іх чакала разнатраўе невялікага, яшчэ няскошанага лужка. Так атрымалася, што я стаяў унізе як раз насупраць і птушкі апынуліся на адным са мной узроўні без неабходнасці прысядаць. Так і атрымалася большасць здымкаў гэтай серыі.
Гродна, 16-09-2022
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг будзе
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ