Па беразе ракі з частымі перапынкамі бегала два шпaка (Stunus vulgaris). І хаця самец у шпакоў знешне не адрозніваецца ад самкі, а спяваць могуць абодва, хутка па паводзінах птушак стала зразумела, што я назіраю за парай.
Самка бегла сярод сухой і ўжо часткова зялёнай расліннасці і часта ўтыкала дзюбу ў глебу, правяраючы яе на дажджавых чарвякоў ды іншую ежу (як гэта робяць шпакі, падрабязна ТУТ). Самец жа быў заняты амаль адначасова трыма важнымі справамі: па-першае, стараўся далёка не адставаць ад самкі. Па другое, часам таксама стараўся знайсці ежу ў глебе, але вельмі рэдка. І па трэцяе, асноўным яго заняткам было спяваць.
Спяваў ён вельмі натхнёна і сур'ёзна. Для гэтага прыпыняўся, прыпадымаў галаву, распушваў пер'е пад дзюбай і, свісцеў-рыпеў пэўна нешта нежнае для самкі і для сябе. Часам нават як бы прысядаў і прыраскрываў крылы. Здаецца, на некалькі секунд ён пад час спеваў траціў сувязь з рэчаіснасцю. За гэты час самка паспявала праверыць чарговы метр глебы перад сабой. Тады самец пераставаў спяваць, даганяў яе, 1-2 разы ўтыркаў дзюбу ў пошуках ежы і зноў застываў - каб заспяваць.
Усё гэта паўтаралася раз за разам, але нечакана самка схапіла сухую травінку і адляцела. Самец без роздуму сарваўся і паляцеў за ёй. На гэтым наземны канцэрт скончыўся.
Гродна, 23-04-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ