Качкі-крыжанкі на Нёмане: Пары створаны, пачаліся капуляцыі

качка-крыжанка

Звычайна да пачатку восені самцы качак-крыжанак, якія перад гэтым выглядалі вельмі падобна да самак, толькі з жоўтай дзюбай, зноў становяцца ярка афарбаванымі качарамі. Хутчэй за ўсё менавіта ў гэты час і пачынаецца ўтварэнне пар, партнёры ў якіх тэарэтычна будуць трымацца адзін аднаго да вылуплення птушанят. Толькі тады самец пакідае сям’ю, бо гадаваннем малых (як і перад гэтым інкубацыяй кладкі) займаецца толькі самка. Гэта называецца сезоннай монагаміяй - падрабязней пра яе асаблівасці ў качак ТУТ.

Галоўнай прычынай такіх працяглых партнёрскіх адносін толькі для аднаго размнажэння ў качак лічаць яўную колькасную перавагу самцоў. І тыя з іх, якія пачнуць шукаць сабе партнёрку пазней за іншых, хутчэй за ўсё застануцца без самкі. І, значыць, і без патомкаў прынамсі ў наступны сезон.

Першую сёлетнюю капуляцыю ў крыжанак я назіраў ужо 02.10, другую - 11.10, але хутчэй за ўсё яны адбываюцца і значна раней, адразу пасля фармавання пары і патрэбныя не для запладнення яек, якіх у самкі яшчэ не будзе мінімум паўгады, а напэўна для стварэння і падтрымання сацыяльных, сямейных сувязяў - раз самка дазваляе гэта з сабой рабіць, яна выбрала сабе партнёра. А качар у якасці падзякі будзе бараніць яе і ад іншых самцоў, і ад іншых небяспек, якіх за восень, зіму і вясну можа быць мноства.

птушка

Пачынаецца капуляцыя, якая адбываецца як і ў іншых вадаплаўных, на вадзе, з сінхранізацыі рухаў галовамі партнёраў - голавы ў іх апускаюцца і падымаюцца ў даволі хуткім тэмпе, як бы ‘прысядаюць’ на шыі. Пасля гэтага самка кладзецца на ваду не толькі целам, але і галавой на выцягнутай гарызантальна шыі і самец залазіць на яе. А каб не зваліцца ў самы патрэбны момант уводу клаакальнага пеніса ў клааку самкі, дзюбай трымае яе за пер’е на патыліцы.

птушка

На сам акт ці толькі рытуал патрэбны лічаныя секунды ці нават доля адной з іх, самец злазіць з партнёркі, робіць хуткі заплыў вакол яе - ‘кола перамогі’. Самка ж акунаецца і ўстрахваецца, робіць узмахі крыламі.

птушка

Далей жа ўсё адбываецца як і да гэтага - птушкі стараюцца трымацца побач і пад час харчавання, і пад час адпачынку. І так - да канца вясны або нават пачатку лета. Толькі бліжэй да гэтага часу капуляцыі пачынаюць адбывацца нашмат часцей і яны выконваюць яшчэ і асноўную сваю функцыю - запладненне яек.

Нёман у Гродна, 02-10-2025