Качкі-крыжанкі і восеньскі сэкс без наступстваў

Адна з асноўных рысаў сезоннай манагаміі ў качак – аслабленне партнёрскіх сувязяў перад пачаткам інкубацыі і на ўвесь час гадавання выключна самкамі патомства. Увосень, пасля лінькі, самцы зноў становяцца яркімі, качкі аб’ядноўваюцца ў вялікія па колькасці групы для міграцыі ці зімоўкі. Тут і пачынаецца працэс фармавання новых пар.

Падобныя паводзіны настолькі ранняга ўтварэння пар задоўга да гнездавога сезону ўнікальны сярод птушак і добра вядомы толькі для качак. Іншыя сезонныя манагамы адкладваюць утварэнне пары да вяртання на патэнцыйную гнездавую тэрыторыю вясной. Чаму ў качак адбываецца інакш, не да канца зразумела.

Звычайна ў т.зв. рачных качак у параўнанні з ныркамі пары ўтвараюцца раней і да канца лістапада ад 75 да 80% крыжанак ужо аб’яднаныя ў пары. З часам магчымасць знайсці партнёрку для самцоў пастаянна змяншаецца і асабліва хутка гэта адбываецца на працягу зімы.

Самкам выгадны ранні выбар партнёра па шэрагу прычын: пары дамінантныя ў адносінах да няпарных і самцоў, і самак. Акрамя таго, “свае” самцы не даюць гвалціць самак іншым самцам і траціць на адпор сілы. Усё гэта дазваляе самкам з партнёрам займаць найлепшыя і самыя бяспечныя месцы для харчавання і адпачынку. У выніку, самкі могуць больш эфектыўна назапасіць неабходныя для фармавання яек рэчывы і энергетычны рэзерв. Больш ранняе параванне дазваляе лепш пазнаць партнёра і ўтварыць больш моцныя з ім сувязі. Больш ранні пачатак гнездавання звычайна забяспечвае яго лепшы поспех і параўнальна большую колькасць патомкаў у параўнанні з больш познімі самкамі.

Большасць папуляцый у качак дэманструе большую долю самцоў, чым самак. Апошнія маюць большую смяротнасць пад час гнездавання ў параўнанні з самцамі, якія непасрэднага ўдзелу ў інкубацыі і гадаванні птушанят не прымаюць. Адпаведна, у самцоў нашмат большая канкурэнцыя ў адносінах да самак і самцам таксама выгадна стварыць пару як мага раней і трымацца партнёркі. Вядома, што больш старыя і дасведчаныя самцы ўтвараюць пары раней. Вядома, што для самцоў утрымаць партнёрку да вясны звычайна энергетычна каштоўна, таму што трэба адказваць на выклікі іншых самцоў і рызыка быць злоўленым драпежнікам таксама павялічваецца.

Здавалася б, капуляцыі зараз, у сярэдзіне лістапада, не маюць сэнсу – да вясны яшчэ далёка і наўрацці атрыманая зараз самкай сперма самца (калі яна яе атрымлівае, канешне), можа захавацца ў адпаведным стане да часу фармавання яек. Але як рытуал падтрымання пары – чаму б не?

На цэнтральным пляжы даўно нікога,акрамя птушак, няма. Таму і перашкодзіць крыжанкам ніхто не мог. Увесь працэс пачаўся з ківання галавой абодвума птушкамі пары – я не паспеў яго засняць. А потым сама капуляцыя працягвалася 2-3 секунды.

Птушкі расплыліся на секунды і зноў сталі плаваць побач. Да вясны ж яшчэ доўга.

птушкі

птушкі

птушкі

птушкі

птушкі

птушкі

птушкі

птушкі

птушкі

птушкі

птушкі

Нёман у Гродна, 15-11-2020

 

 

На гэтую тэму:

Як “гэта” складана ў качак, або пра асаблівасці сэкса вадаплаўных

Качкі-крыжанкі: Качаняты будуць!

Зімовае каханне, або Voulez Vous Coucher Avec Moi

Вялікія савукі: каханне і сэкс у вялікім горадзе

ВЯЛІКІЯ САВУКІ: самцу непатрэбныя дзве самкі

Вялікія савукі: Калі самец не гатовы да сексу

Птушка 2016 году: Sex story