Другія вывадкі шпакоў у Гродна

Пасля таго, як Аляксандр Собалеў прадставіў падрабязнае назіранне (хутчэй за ўсё) другіх вывадкаў шпакоў на поўначы Беларусі, я вырашыў праверыць што адбываецца ў Гродна.

Чамусьці апрыёры я лічыў, што другія вывадкі ў гэтага віду ў нас не бываюць, але аказалася, што гэта не так.

Насупраць нашага дома будынкі пачатковай школы абсажаны параўнальна старымі каштанамі з боку дарогі, а адразу за школай ёсць невялікі скверык, у якім разнастайнасць дрэваў большая, але яны яўна маладзейшыя. Вось на гэтых каштанах і трошкі на дрэвах у скверыку і развешаныя шпакоўні, хутчэй за ўсё зробленыя з удзелам школьнікаў. Вісяць яны параўнальна часта, усяго я налічыў іх 14.

Калі ж стаў правяраць на прыканцы чэрвеня (26-27.06), атрымалася, што як мінімум у двух з іх растуць птушаняты! Прычым у адной з двух яны ўжо вялікія і самі высоўваюцца з лятка ў чаканні бацькоў з ежай:

птушка

А ў другой яшчэ малыя, бо сквірчаць пад час прылёту дарослых толькі ўнутры:

птушка

Птушкі індывідуальна не пазначаныя і таму без вагання сцвярджаць, што гэта іх другі вывадак за сезон нельга. Але тэрміны гэтага размнажэння кажуць хутчэй за ўсё менавіта пра такі варыянт падзей - гэта другія вывадкі. Бо першых маладых шпакоў па-за дуплом ці шпакоўняй  я сустрэў сёлета на прыканцы мая. Маладыя шпакі  вельмі хутка становяцца самастойнымі ў здабыванні ежы, Таму амаль увесь наступны месяц тыя дарослыя птушкі, якія фізічна былі здольныя на другое размнажэнне, як раз маглі прысвяціць яму і ў выніку ў больш ранняй пары другі вывадак амаль вылятае, а ў больш позняй яшчэ сядзіць у шпакоўні.

Цікава параўнальна вялікая доля другіх вывадкаў - 14%, ці кожная 7 пара выгадоўвае птушанят двойчы за сезон. Зразумела, што выбарка ў 14 гнёздаў невялікая і я не праводзіў доўгія назіранні за іншымі шпакоўнямі каб да канца ўпэўнена сцвярджаць, што ў іх шпакі не рабілі спробы паўторнага гнездавання. Але на стадыі, калі ў шпакоўнях ужо былі б птушаняты,  бацькі часта прылятаюць іх карміць, таму тое, што яны на іншых гнёздах гэтага не рабілі можна прыняць за адсутнасць там птушак.

Цяпер буду памятаць пра гэтыю магчымасць і больш пільна назіраць за шпакамі)