Дрымлюковы рэкорд

Сёння зранку троху пацяплела (да +4С), часта выходзіла сонейка - найлепшая пагода для назіранняў птушак!

Вырашылі паспрабаваць стары маршрут, якім не карысталіся больш году - зазірнуць на Нёман каля в.Віцькі. І не пашкадавалі! Яшчэ перад паваротам у бок вёскі заўважылі некалькі кнігавак са шпакамі, якія прызямліліся перад Квасоўвай. Сярод кулічкоў адзін выглядаў інакш і аказаўся залацістай сеўкай - для Яны Раманавай новы від.

Праз км 3 каля сотня гэтых прыгожых кулічкоў бегала па полі і харчавалася, аднак троху далей нас чакаў нашмат цікавейшы сюрпрыз.

Паміж Агароднікамі і Віцькамі над узараным полем нізка і хутка ляталі два сакалка, якія аказаліся дрымлюкамі (Falco columbarius)! Яшчэ адзін гэтаксама паляваў на птушак насупраць іх праз дарогу, але раптам вырашыў пагрэцца на сонейку і прысеў:

Але на сёння гэта былі яшчэ не ўсе нашы дрымлюкі!  Калі праз гадзіны 1,5 мы пераязжалі на вадасховішча у в.Рудавіцы, яшчэ адзін праляцеў нізка над узараным полем у бок Квасоўкі.

Такі вось дрымлюковы рэкорд: чатыры птушкі за дзень!