Яшчэ неапісаны від соваў нарэшце сфатаграфаваны ля ўзбярэжжаў Афрыкі

Сёлета ў пачатку ліпеня адмыслова арганізаваная экспедыцыя па пошуку яшчэ не апісанага для навукі віда соваў на востраве Прынсіпе пацвердзіла яго існаванне і атрымала дадатковыя доказы. Востраў Príncipe – меншы і адзін з двух галоўных астравоў архіпелага і аднайменнай дзяржавы Сан Томе і Прынсіпе (São Tomé and Príncipe), якая знаходзіцца ў Гвінейскім заліве ля заходняга ўзбярэжжа Афрыкі.

Упершыню звесткі пра магчымае існаванне яшчэ неапісаннага віду соўкі-сплюшкі, эндэмічнай менавіта для вострава Прынсіпе, былі апублікаваныя ў 2009 годзе (Melo & Dallimer (2009) Is there an undiscovered endemic scops owl Otus sp. on Principe Island? Malimbus 31: 109–115). Даследчыкі запісалі голас праўдападобна сплюшкі з роду Otus, які гучаў непадобна да галасоў іншых прадстаўнікоў роду. Акрамя гэтага, лоўцы папугаяў пацвердзілі, што яны бачылі невялікіх соваў у некаторых дуплах у мясцовых лясах. Аднак убачыць ці сфатаграфаваць невядомую для навукі саву не атрымлівалася аж дагэтуль.

Галандзкі навуковец Філіп Вербэлен (Philippe Verbelen) змог не толькі ўбачыць двух розных птушак, але і сфатаграфаваць! Ён шукаў совак у тым самым лесе, дзе 7 гадоў таму гэта рабілі Мело і Даллімер (Melo and Dallimer) і дзе яны запісалі голас невядомага віду. Выкарыстоўваючы гэтыя запісы, галандзец змог прыманіць двух птушак нават на адлегласць 3 метры ад сябе! Аднак акрамя гэтага ён чуў галасы іншых совак далей у лесе, што магло б сведчыць на карысць таго, што від гэты параўнальна нярэдкі ў мясцовых прыродных лясах.

Яўныя адрозненні голаса з іншым эндэмікам архіпелагу – соўкай-сплюшкай з Сан Томе São Tomé Scops-owl (Otus hartlaubi), кажуць пра вялікую імавернасць існавання на Прынсіпе яшчэ неапісанага віду. Пазасталая на востраве міжнародная каманда плануе наступныя крокі каб цяпер і фармальна апісаць новы для навукі від.

 

Паводле www.hbw.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

У Еўропе ёсць яшчэ адзін від соваў?

Таксанамічны статус пустынных соваў разблытаны?

Нетрадыцыйнае апісанне аманскай савы і сапраўды прывяло да адкрыцця новага віду

Новы від соваў з Інданезіi атрымаў афіцыйную назву

Новы від сіпухі з вострава Сэрам

Невядомы для навукі від соваў некалі знік з-за людзей

НОВЫ ВІД ПТУШАК ЗНІК, НЕ ДАЧАКАЎШЫСЯ ПАЦВЕРДЖАННЯ ВІДАВОГА СТАТУСУ

ЗРОБЛЕНЫ ПЕРШЫЯ ЗДЫМКІ АДНОЙ З САМЫХ ЗАГАДКАВЫХ І РЭДКІХ ПТУШАК НА ЗЯМЛІ

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10 425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ