У суботу, 12 снежня, сябры і калегі з Заходне-Палескага рэгіянальнага і Брэсцкага абласнога аддзяленняў АПБ праводзілі сваю супольную канферэнцыю. Так атрымалася, што для першага аддзялення яна стала ўжо юбілейнай – пятай, а ўвогуле сябры АПБ з Берасцейшчыны адзначалі ўжо 10 год сваёй актыўнай працы ў рэгіёне.
Невялікая заля мясцовага краязнаўчага музею змясціла каля 30 сябраў “Аховы птушак”, якія прыехалі на канферэнцыю з усёй Берасцейшчыны, і нават Беларусі, але, ў асноўным, канешне, з Брэсту. Таму і некалькі афіцыйных справаздач, выбары ў склад Савету Заходне-Палескага аддзялення, юбілейны даклад першага старшыні Савету Андрэя Абрамчука былі да месца і выклікалі зацікаўленасць і каментары прысутных. Панавала сапраўдная “дэмакратыя ў дзеянні”: прэтэндэнты на сяброўства ў Савеце распавядалі пра сябе і адказвалі на пытанні, а потым чацвёра з пяці заяўленых былі абраныя тайным галасаваннем.
Нешматлікія папулярныя прэзентацыі зрабілі канферэнцыю больш нефармальнай і нагадалі прысутным пра Пустальгу – птушку 2010 году, яе становішча і планы правядзення кампаніі ў Брэсце, пра найцікавейшыя вандроўкі Сяргея Абрамчука па рыбгасам Палесся, а таксама пра наш сайт, яго асноўныя раздзелы і некаторую яго статыстыку. Акрамя падарункаў ад Гродзенскага абласнога аддзялення – некалькі ўласных выданняў і кнігі “Учёные в вихре времени” да першага юбілею калег, саколка з лога нашага сайту была ўручана Аляксандру Сербуну за самае папулярнае Назіранне лета, размешчанае на www.birdwatch.by (здымак тут: http://www.birdwatch.by/gallery/freelancer/uznagaroda-peramozhtsa%D1%9E ).
Конкурсы на веданне галасоў птушак прайшлі цікава і карысна.
Ўвечары канферэнцыя працягнулася банкетам, які адбыўся амаль на ўскрайку балота Дзікое ў кавярні в.Клепачы.
Дзьмітры Вінчэўскі, Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ
На здымку аўтара Аляксандр Мініч распавядае пра пустальгу.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ