Гарадзкія шулякі-карагольчыкі больш паспяховыя

шуляк-карагольчык

На працягу чатырох гадоў арнітолагі з RSPB Scotland і Scottish Raptor Study Group збіралі дадзеныя, каб упершыню параўнаць некаторыя важныя характарыстыкі папуляцый шуляка-карагольчыка (Accipiter nisus) з гораду Эдынбург і вясковых тэрыторый у мясцовасці Ayrshire (Шатландыя).

Усяго даследчыкі назіралі за 195 парамі віда, якія займалі за 4 гнездавыя сезоны 117 розныя гнездавыя тэрыторыі.

Атрымалася, што ў 2009-12 гг у горадзе не толькі было больш занятых відам гнездавых тэрыторый, але і поспех гнездавання там шулякоў-карагольчыкаў у параўнанні з сельскай мясцовасцю быў значна большы.

З 20 няўдалых спробаў гнездавання віду, якія атрымалася прасачыць, толькі 2 адбыліся ў горадзе.

Майкл Форнтан (Michael Thornton), галоўны аўтар публікацыі і чалец Lothian & Borders Raptor Study Group, сказаў: "Атрыманыя намі вынікі ясна паказалі, што зялёныя кавалкі гораду- паркі, сады і паля для гольфа забяспечваюць выгодныя месцы гнездавання і дастатковую даступнасць здабычы, каб падтрымаць высокі поспех гнездавання гэтага драпежніка. І тут важна не забываць, што калі мы захаваем гэтыя мясціны для прыроды, мы таксама забяспечым іх карысць для нашага фізічнага і душэўнага здароўя”.

“Даступнасць ежы грае вялікую ролю ў знойдзеных адрозненнях паміж жыццём шулякоў-карагольчыкаў у гарадах і ў сельскай мясцовасці. Гарадзкія паркі ды сады падтрымліваюць вялікую шчыльнасць вераб’іных птушак, на якіх палююць шулякі. А структура гарадзкога ландшафту Эдынбургу, як і іншых еўрапейскіх гарадоў, дзе ёсць паркі, а лясныя зоны ўшчыльную прымыкаюць да прыватнай забудовы, забяспечваюць ідэальныя тэрыторыі для палявання карагольчыкаў” – сказаў Штэфан Рууз (Staffan Roos), старэйшы навуковец у RSPB Scotland і адзін з аўтараў публікацыі.

Шуляк-карагольчык – адзін з першых відаў нашых драпежных птушак, які каланізаваў гарадзкія тэрыторыі ў Еўропе. На Брытанскіх астравах сінурбізацыя віду адбываецца з 1980-х гадоў. Памер еўрапейскай папуляцыі карагольчыка ацэньваецца ў прыкладна 580 тысяч пар, для Брытаніі – у 35 тысяч пар, і для Шатландыі – у 12 тысяч пар.

Крыніца:

Michael Thornton, Ian Todd & Staffan Roos (2017). Breeding success and productivity of urban and rural Eurasian sparrowhawks Accipiter nisus in Scotland DOI: 10.1080/11956860.2017.1374322

 

Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самкі шуляка-карагольчыка – Мікалая Вераб’я

 

 

На гэтую тэму:

Сокалы-падарожнікі падаўжаюць час палявання дзякуючы гарадзкому асвятленню

Маладым птушкам найцяжэй выжыць у горадзе?

”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных

У птушак-гараджан большы мозг