Каманда брытанскіх навукоўцаў, якая вывучала сокалаў-падарожнікаў (Falco peregrinus) у розных месцах Вялікабрытаніі паказала, што паляванні гэтага віду ўначы дзякуючы гарадзкому асвятленню могуць стаць хутчэй правілам, чым выключэннем.
Даследчыкі з універсітэту Трэнта ў Нотынгеме (Nottingham's Trent University) некалькі разоў адзначалі, як сокалы-падарожнікі прыносілі здабычу сваім птушанятам нават позна ўначы. Назіранні адбываліся ў трох брытанскіх гарадах. Адно з гэтых гнёзд сокалы займаюць больш за 10 год у цэнтры Нотынгема на падваконні т.зв. будынка Ньютана мясцовага ўніверсітэту.
Дзякуючы выкарыстанню уэб-камер гнёзды былі пад кругласуткавым назіраннем. Таму, напрыклад, у Натынгеме атрымалася 4 разы адзначыць, як дарослыя птушкі вярталіся на гняздо са здабычай паміж 10 гадзінамі вечара і 4 гадзінамі раніцы. Прычым адной начы – нават тры разы! Сярод прынесеных ахвяраў – тры былі птушкі сярэдняга памеру і аднойчы, напэўна, кажан.
Тады як звычайна сокалы-падарожнікі гняздуюць на скальных выступах у асяроддзі адкрытых мясцін, з часам яны пачалі гнездаваць на высокіх будынках у многіх гарадах Свету дзе гэтыя ўмовы былі падобныя да прыродных. Тут птушкі змаглі карыстацца з большай колькасці здабычы, чым у прыродных умовах, што, напэўна, дазволіла ім замацавацца ў зменлівых умовах гарадзкога жыцця.
Эстэр Кеттэл (Esther Kettel), супрaцоўніца ўніверсітэцкай School of Animal, Rural and Environmental Sciences, сказала: “Сокалы-падарожнікі – дзённыя драпежнікі, аднак гарадзкія ўмовы даюць ім магчымасць паляваць таксама ўначы. Вельмі магчыма, што яны маюць ад гэтага перавагі ў параўнанні з птушкамі з “прыродных” папуляцый. Наша даследаванне сведчыць, што выпадкі начнога палявання больш распаўсюджаныя, чым лічылася дагэтуль. Аднак пакуль са 100% упэўненасцю невядома, ці прынесеная ўначы здабыча паходзіць з паспяховага начнога палявання, ці птушкі прынеслі яе са схованкі. Такія выпадкі добра вядомыя для сакалоў з прыродных папуляцый, аднак яны адзначаныя звычайна узімку ці ў выпадках, калі на гняздзе не хапае здабычы пад час размнажэння”.
Каб гэтую загадку разгадаць, даследчыкі плануюць у наступным сезоне выкарыстоўваць таксама тэрмальныя камеры – тады будзе зразумела, цёплая ці халодная здабыча з’явілася на гняздзе.
Крыніца:
Kettel, E F, Gentle, L K, and Yarnell, R W. 2016. Evidence of an Urban Peregrine Falcon (Falco peregrinus) Feeding Young at Night. Journal of Raptor Research 50: 321-323.
doi: http://dx.doi.org/10.3356/JRR-16-13.1 ; .
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.rspb.org.uk
На гэтую тэму:
Начных драпежнікаў стала больш (+ VIDEO)
У Польшчы праз 32 гады вандроўны сокал зноў загнездаваў у лесе
Сокал-падарожнік зноў загняздуе ў Беларусі
Рэінтрадукцыя сокала-падарожніка ў Польшчы – чарговы паспяховы сезон + VIDEO
Нетрывіяльная ідэя па вывучэнні асаблівасцяў палявання сокала-падарожніка
Сокал-падарожнік апраўдвае сваю назву!
Апошні мальтыйскі сокал-падарожнік забіты паляўнічымі?
Незвычайнае адкрыццё: сокалы Элеаноры назапашваюць жывую здабычу!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ