Зміцер Сасноўскі, кіраўнік гурта сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса», здзівіўся і абурыўся, калі даведаўся, што ў нашай краіне дасюль вядзецца веснавое паляванне на водна-балотных птушак. У бліц-інтэрв’ю для АПБ ён выказаў свае погляды на паляванне… і на сапраўдных мужчын таксама.
– Зміцер, мне ўрэзаліся ў памяць Вашы словы з нашай леташняй размовы пра веснавое паляванне. Хочацца, каб Вы прамовілі іх публічна…
– Так, магу паўтарыць і зараз: я не разумею захаплення паляваннем. НЕ РАЗУМЕЮ, ЯК МОЖНА ЗАБІЦЬ ІСТОТУ, ЯКАЯ ДЫХАЕ З ТАБОЮ АДНЫМ ПАВЕТРАМ!
– І, мабыць, таму Вы сталі вегетарыянцам?
– Гэты мой выбар прадыктаваны хутчэй аздараўленчымі матывамі, чым маральнымі. Ужо амаль тры гады паспяхова абыходжуся без мяса, і апошнім часам стаў нават больш строгім вегетарыянцам – аддаю перавагу сырой ежы. Пры ўсім тым, калі ёсць патрэба, умею разбіраць тушы свойскіх жывёлін. (Дудар мусіць уласнаручна вырабіць сваю дуду са скуры казы, але гэта сакральны працэс. – С. І.) Аднак навошта сучаснаму чалавеку забіваць жывёл дзікіх?! Яны жывуць у натуральным асяроддзі, упрыгожваюць сабой гэтае асяроддзе і з’яўляюцца ягонай часткай. Наша прырода вельмі прыгожая, і яна шмат страціць, калі звяроў і птушак у ёй паменшае.
– Ці падзяляюць гэтую Вашу пазіцыю музыканты «Старога Ольсы»?
– Ніхто з іх ніколі не займаўся паляваннем. І я ні разу не чуў з іх вуснаў добрых слоў пра гэта.
(Прынамсі, лютніст гурта Ілля Кубліцкі і ягоная жонка Маргарыта Кубянкевіч, кіраўнік тэатра сярэднявечнай культуры «Яварына», далучыліся да збору подпісаў супраць веснавога палявання. – С. І.)
– Паляўнічыя выхваляюцца, быццам іх жарсць – праява мужнасці, супермэнства. А на Вашу думку, якія прыкметы ўласцівыя сапраўдным мужчынам?
– Сапраўдных мужчын, на жаль, вельмі мала. Для мяне галоўная прыкмета годнага мужчыны – надзейнасць і адказнасць за свае словы. Найлепшымі спосабамі мужчынскага самасцвярджэння лічу добрую фізічную форму, трывалую сям’ю і поспех у бізнесе. Забойства ж птушак – «левы» спосаб пацешыць сваю самаўпэўненасць, які нельга паставіць побач з гэтымі трыма.
– Слушна. А я дадам сваё жаночае меркаванне: гонар для мужчыны – ратаваць жыцці, а не забіваць. Дзякуй за падтрымку, Зміцер.
Гутарыла Святлана Ішчанка
На фота Зміцер Сасноўскі з календарыкам АПБ супраць веснавога палявання. Аўтар Святлана Ішчанка.
Даведка:
Гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» – зорка № 1 у свеце айчыннага медыевалю. Дэбют гурта адбыўся ў 1999 г. На творчым рахунку калектыву – 8 альбомаў, дакументальны фільм пра старадаўнія беларускія музычныя інструменты, выступленні на шматлікіх фестывалях сярэднявечнай культуры, рыцарскіх турнірах, фальклорных фестывалях у нашай краіне і за яе межамі.
Зміцер Сасноўскі – адзін з галоўных арганізатараў і прадзюсер Міжнароднага «Дударскага фэсту», які традыцыйна праводзіцца ў Мінску.
Паводле www.ptushki.org
Кампанію АПБ па забароне вясновага аплявання на водна-балотных птушак раней ужо падтрымалі музыкі з "Крамбамбулі", N.R.M. і "Крамы".
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
Harrier - 16.02.2010 - 23:38
Ну Святлана, ну малайчына! І
Ну Святлана, ну малайчына!
І "Старога Ольсу" паважаю - цяпер не толькі за музыку.
Kiolk - 17.02.2010 - 01:43
In reply to Ну Святлана, ну малайчына! І by Harrier
Толькі не зразумела, здаецца
Толькі не зразумела, здаецца з подпісаамі ўжо разабраліся... Ці акцыя пачынаецца нанава, ці можа збор ідзе да гэтага часу...?
Harrier - 17.02.2010 - 02:13
In reply to Толькі не зразумела, здаецца by Kiolk
Ды не, кампанія жыве, пакуль
Ды не, кампанія жыве, пакуль пра яе размаўляюць і яна на слыху. А вынік не адразу можна дасягнуць - на жаль...
АВ (госць) - 18.02.2010 - 20:58
Стары Ольса - сіла!