Як птушкі распаўсюджваюць насякомых, якіх з’ядаюць

Новы механізм распаўсюджання як мінімум некаторых відаў насякомых адкрылі японскія навукоўцы. Для павольных насякомых, такіх як палачнікі, птушкі, якія з’ядаюць іх, насамрэч могуць дапамагчы ў распаўсюджанні яек на новыя тэрыторыі.

Лагічна лічыцца, што калі птушкі з’ядаюць дарослых насякомых, яны і іх ненароджаныя патомкі знікаюць. Аднак, як аказалася, так адбываецца незаўсёды. І пасля таго, як менавіта японскія даследчыкі адкрылі, што невялікія слімакі могуць заставацца жывымі пасля праходжання праз стрававальны тракт птушак і такім чынам апынуцца ў новым месцы, іх калегі з розных універсітэтаў паказалі падобную магчымасць і для яек палачнікаў.

Расліны не могуць самастойна перасоўвацца, таму натуральны адбор прывёў многія іх віды да вельмі ціквых шляхоў распаўсюджвання насення з дапамогай жывёл. Гэтая з’ява нават мае спецыяльную назву – зоахарыя. Многія расліны могуць прарастаць толькі пасля таго, як іх насенне пабывала ў страўніку птушкі ці іншай жывёлы. Аднак для насякомаедных птушак падобная магчымасць распаўсюджання іх ахвяр чамусьці не разглядалася.

Палачнікі - вельмі павольныя істоты, у якіх самкі адкладваюць яйкі на зямлю і ўжо з яе без ператварэння маленькія насякомыя ўскарасківаюцца на патрэбныя ім для харчавання расліны. Вельмі тоўстая абалонка яек дапамагае ім выжыць не толькі на паверхні зямлі, але, як цяпер зразумела, і ў страўніку птушак.

Каб праверыць сваю здагадку, даследчыкі скармлівалі яйкі трох відаў палачнікаў аднаму з галоўных іх “ворагаў” – карычневавухаму бюльбюлю. Для ўсіх трох відаў ад 5 да 20% яек выходзіла з кішэчніка птушак непашкоджанымі і для аднаго з відаў атрымалася даказаць, што праз некалькі дзён з такіх яек паспяхова вылупіліся малыя палачнікі.

Такім чынам, не заўсёды быць з’едзеным значыць знікнуць без сваіх патомкаў.

 

Крыніца:   Ecology (2018). DOI: 10.1002/ecy.2230

Паводле www.phys.org (тэкст і малюнак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Слімакі застаюцца жывымі пасля страўніка птушак

Качкі – адны з галоўных распаўсюджвальнікаў многіх відаў раслін

Птушкі, якія дапамагаюць рыбам