Птушаняты зязюляў рыжай морфы не заўсёды самкі

звычайная зязюля

У звычайнай зязюлі (Cucuclus canorus) вядомыя дзве каляровыя морфы: больш распаўсюджаная шэрая і больш рэдкая рыжая, прычым дарослыя самцы вядомыя толькі шэрыя, а дарослыя самкі часцей шэрыя, чым рыжыя. Аднак маладыя птушкі, як паказала новае даследаванне каманды чэшскіх арнітолагаў, могуць быць шэра- або рыжаафарбаваныя не гледзячы на пол.

Даследчыкі генетычна вызначылі пол у 91 маладой рыжай зязюлі і візуальна аб'ядналі гэтых птушанят у 5 груп у залежнасці ад інтэнсіўнасці рыжай афарбоўкі. Потым узятае для аналізаў пер'е правяралася дадаткова лічбавым спосабам на параўнанне ўтрымання рыжага колеру і атрымалася, што пер'е будучых самак было больш інтэнсіўна афарбаванае, чым пер'е будучых самцоў. Аднак гэтая заканамернасць не была статыстычна пацверджанай і часам маладыя самцы былі больш рыжыя, чым самкі.

птушка

Дарослая самка зязюлі рыжай морфы. Здымак Паўла Лычкоўскага

 У адрозненне ад маладых птушак, усе дарослыя самцы (n = 37) былі шэрага колеру, тады як з адлоўленых 20 дарослых самак 5 былі рыжай морфы.  Чаму адбываецца змена каляровай афарбоўкі толькі ў самцоў па меры дасягнення імі полавай спеласці і як рыжая афарбоўка звязаная з генатыпам птушак і полам дарослых трэба вывучаць больш падрабязна ў наступных даследаваннях.

Крыніца:
Jaroslav Koleček et al. (2018) Rufous Common Cuckoo chicks are not always female. Journal of Ornithology 
https://doi.org/10.1007/s10336-018-1591-7 або https://rdcu.be/4uOC

Паводле www.link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Уладзіміра Бондара

 


На гэтую тэму:

Птушка 2014 году – звычайная зязюля і гнездавы паразітызм + VIDEO

Зязюлі са Скандынавіі - гэта іншы від?

Спадарожнікавае сачэнне за брытанскімі зязюлямі: змяншэнне іх колькасці звязана з рознымі пралётнымі шляхамі

Зязюлі мімікруюць пад шулякоў

Зязюля інкубуе свае яйкі ўнутры цела

Як балотныя чаротаўкі Птушку году выкармілі