Нямецкія навукоўцы знайшлі, што грыфавыя цасаркі (Acryllium vulturinum) жывуць у вельмі стабільных групах, якія на нейкі час могуць перамешвацца з іншымі і ўтвараць новыя, больш складаныя групы. Птушкі ў першых трымаюцца разам і пад час перамяшчэнняў на розныя адлегласці, і пад час харчавання і адпачынку. Гэта дазваляе ім каардынаваць свае дзеянні параўнальна доўгі час.
Шматузроўневыя групы (грамадзства) дагэтуль было знойдзена толькі ў некалькіх відаў млекакормячых з параўнальна вялікім памерам мозга: людзей і іншых прыматаў, сланоў, жырафаў і дэльфінаў. Зараз даследчыкі з Інстытуту эталогіі імя Макса Планка і універсітэту Konstanz паведамілі пра тое, што яны знайшлі шматузроўневае грамадзтва ў птушак з параўнальна невялікім мозгам. Грыфавыя цасаркі падтрымліваюць сацыяльныя сувязі з сотнямі іншых асобін свайго віду і тым самым дэманструюць, што для ўзнікнення падобных сувязяў вялікі мозг насамрэч непатрэбны.
Навукоўцы адносяць да шматузроўневых грамадзтваў сацыяльныя групы, такія як пары або сем’і і групы іншага складу, у якіх параўнальна нязменны (стабільны) склад. У сваю чаргу гэтыя групы выбіраюць асацыяцыі пераважна толькі з некаторымі іншымі падобнымі групамі. З-за таго, што для гэтага жывёлам трэба пастаянна адсочваць свае адносіны і індывідуальна пазнаваць асобін як у сваёй, так і ў іншых групах, дагэтуль лічылася, што гэта магчыма толькі для відаў з вялікім і складаным мозгам, які дапамагае справіцца з адносінамі ў складаных сацыяльных структурах. І хаця многія віды птушак жывуць у рознай велічыні групах, гэтыя групы хутчэй “адкрытыя” і не маюць стабільных чальцоў на працягу параўнальна доўгага адрэзку часу. Больш стабільныя групы вельмі тэрытарыяльныя і таму складаныя адносіны (стварэнне асацыяцый) з іншымі падобнымі групамі ў іх немагчымае.
І вось аказалася, што цасаркі – яўнае выключэнне з гэтых заканамернасцяў. Даследчыкі назіралі за птушкамі ў розных групах – яны трымаліся разам і не праяўлялі бачнай агрэсіўнасці ў адносінах да іншых – што часта бывае ў відаў птушак, якія жывуць у групах. "Падобна на тое, што цасаркі маюць патрэбныя элементы для фармавання складаных сацыяльных структур, але мы пра іх нічога не ведаем” - сказаў Danai Papageorgiou, аспірант у Max Planck Institute of Animal Behavior і галоўны аўтар публікацыі.
Групы цасарак могуць быць параўнальна вялікімі, тады розныя групы меншага памеру ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і колькасць птушак, якія перамяшчаюцца разам, дасягае сотняў. Аднак калі гэтыя “супер-групы” раз’ядноўваюцца, яны ізноў ператвараюцца ў стабільныя групы меншага памеру з тым самым складам удзельнікаў. Гэта значыць, што птушкі ведаюць, хто уваходзіць у іх групу, а хто – не.
Даследаванне праводзілася на працягу некалькіх сезонаў у прыродным асяроддзі ў адным з месцаў у Кеніі, дзе пад назіраннем знаходзіліся больш 400 цасарак. Усе птушкі былі індывідуальна пазначаныя і гэта дала магчымасць убачыць, што яны былі аб’яднаныя ў 18 груп рознага памеру – ад 19 да 65 асобін у кожнай.
Найбольш здзівіла даследчыкаў тое, што негледзячы на рэгулярнае “перамешванне” птушак з розных груп часам удзень і на месцах начлегу, іх пастаянны склад не змяняўся. Пасля таго, як да абраных асобін у розных групах былі прыладжаны GPS-трэкеры, аказалася што знаходжанне гэтых асобін у той ці іншай групе не проста выпадковасць, а базуецца на іх рознай прыцягальнасці для птушак. Часовыя перамешванні з іншымі групамі адбываліся хутчэй пад час асаблівых сезонаў або у некаторых умовах пад час перамяшчэння цесарак у спецыфічным ландшафце.
"З таго, што мы ведаем на сёння, гэта першы падобны выпадак так складанага грамадзтва, апісаны для птушак” – сказаў Papageorgiou. "Вельмі незвычайна назіраць, як штораніцу птушкі пасля начоўкі аб’ядноўваюцца ў тыя самыя групы і праводзяць там увесь дзень. Як гэта адбываецца? Яўна не дзякуючы таму, што яны вельмі разумныя”.
"Гэтае адкрыццё ставіць шмат пытанняў пра механізмы, якія могуць знаходзіцца ў аснове складаных грамадзтваў пры іх узнікненні, таму што тое, што мы назіраем у гэтых птушак, мы хутчэй чакалі б убачыць у прыматаў” – сказаў Damien Farine, адзін з сааўтараў даследавання і публікацыі і даследчык з Max Planck Institute of Animal Behavior і Centre for the Advanced Study of Collective Behaviour ва універсітэце Konstanz.
Крыніца:
The multilevel society of a small-brained bird. Danai Papageorgiou, Charlotte Christensen, Gabriella E.C. Gall, James A. Klarevas-Irby, Brendah Nyaguthii, Iain D. Couzin, Damien R. Farine. Current Biology. DOI: 10.1016/j.cub.2019.09.072
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.metro.news
На гэтую тэму:
Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы
Канфармізм і нонканфармізм у птушак на прыкладзе вялікіх сініц
Зімовыя месцы начлегу кавак і гракоў у Чэхіі
Чыжы выбіраюць для пералётаў знаёмую кампанію
Пацверджана, што гілі застаюцца ў тых самых парах на гады
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ