Першы выпадак гнездавання стэпавага луня (Circus macrourus) адбыўся ў Чэхіі. Хутчэй за ўсё, гэта таксама першая сучасная рэгістрацыя размнажэння віда для ўсяго рэгіёна Цэнтральнай Еўропы.
Цікава, што ў гнездаванні ўдзельнічалі маладыя птушкі другога календарнага году жыцця (2CY) – і самка, і самец. Яны выбралі ў якасці месца распалажэння гнязда поле азімага рапса ў сельскагаспадарчай мясцовасці недалёка ад Прагі, а дакладней у мястэчка Dobřichov у Цэнтральнай Багеміі.
Самец другога календарнага году жыцця. Здымак Jan Studecký
З трох адкладзеных самкай яек з усіх вылупіліся птушаняты, з якіх двое аказаліся самцамі і адно - самкай. Малодшы самец падняўся на крыло 11 ліпеня, тады як старэйшыя сіблінгі ўжо раней час ад часу ляталі над месцам народзін.
Самка з птушанятамі на гняздзе. Здымак Jan Studecký
Варта нагадаць, што па-за вядомымі ў апошнія дзесяцігоддзі больш-менш пастаяннымі месцамі гнездавання ў еўрапейскай частцы Расіі і Фінляндыі, размнажэнне стэпавых лунёў было адзначана ў 2017 годзе упершыню ў Беларусі (таксама ў азімым рапсе) і Нідэрландах, а праз год, у 2019 годзе, яшчэ раз у Нідэрландах і ўпершыню – у Гішпаніі. Прычым ва ўсіх выпадках гнездаванне было паспяховым - з гнёзд выляцеў хаця бы адзін малады.
Бліжэйшыя вядомыя месцы гнездавання віду знаходзяцца ў Падмаскоўі (Расія) і ў Фінляндыі, а асноўны гнездавы арэал віду знаходзіцца ў стэпавой зоне Расіі, Казахстана і Манголіі. Дзякуючы спадарожнікавым перадатчыкам, змешчаным на птушках з Фінляндыі, вядома, што стэпавыя луні з гэтай краіны ляцяць на зімоўку ў Заходнюю Афрыку праз Заходнюю Еўропу і Гібралтар, і некаторыя з іх пралятаюць праз усходнюю і цэнтральную частку кантыненту.
З чым звязана гнездаванне гэтага віда, які мае глабальны статус “амаль пагражаемага” (NT), далёка па-за асноўным гнездавым арэлам, не зразумела. Але ў любым выпадку яны цікавыя і даюць надзею на патэнцыял луней справіцца са змяншэннем колькасці на асноўных месцах гнездавання.
Паводле Klub 300 CZ падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымкі Jan Studecký, на верхнім здымку – самка на любімай прысадзе
На гэтую тэму:
Стэпавыя луні з перапынкам у год ізноў гнездавалі ў Заходняй Еўропе!
НЕВЕРАГОДНА: СТЕПАВЫ ЛУНЬ УПЕРШЫНЮ ПАСПЯХОВА АДГНЕЗДАВАЎ У ЗАХОДНЯЙ ЕЎРОПЕ І, ПАДОБНА, Ў БЕЛАРУСІ!
На Магілёўшчыне адзначаны на гнездаванні стэпавы лунь – від, які апошні раз гнездаваў у Беларусі 101 год таму!
Пра беларускую арніталагічную сенсацыю – у нямецкім часопісе
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ