Выдатна прадуманая серыя эксперыментаў паказала, што сойкі (Garrulus glandarius) не толькі могуць паспяхова праходзіць зменены пад іх Стэнфардзкі ‘тэст з маршмэлоў’ (Stanford Marshmallow test), аднак, што яшчэ цікавей, птушкі з найлепшым самакантролем потым лепш за іншых выконвалі і тэсты на ўзровень інтэлекту.
Гэта першая навуковая публікацыя, якая дэманструе сувязь паміж самакантролем і інтэлектам у птушак. Раней самакантроль звязваўся з узроўнем інтэлекту ў людзей, шымпанзе і галаваногіх малюскаў (каракаціц (Sepiida)). Атрымлівалася, што чым большы інтэлект, тым большы магчымы самакантроль. Тыя ж вынікі, атрыманыя для соек – вельмі далёкай крэўнай групы жывёл да вышэй пералічаных, сведчаць пра тое, што гэтая ўзаемасувязь узнікала незалежна некалькі разоў.
Самакантроль тут і ніжэй – гэта вытрымка, ці здольнасць не спакусіцца на даступнае і жаданае тут і цяпер ‘у абмен’ на магчымасць атрымаць большае ці лепшае, але пазней, праз нейкі час. Самакантроль лічыцца жыццёваважнай рысай, таму што ляжыць у аснове эфектыўнага прыняцця рашэнняў і планавання будучыні.
Многія крумкачовыя робяць запасы ежы, фактычна адкладваючы яе спажыванне ‘на будучыню’, і сойкі тут, напэўна, найбольш яркія прадстаўнікі падобных паводзін. Даследчыкі мяркуюць, што магчыма гэтая іх рыса дазволіла развіцца самакантролю.
З усіх нашых прадстаўнікоў крумкачовых, сойкам як найменшым памерамі птушкам, найбольш пагражае клептапаразітызм і рабаванне зробленых запасаў іншымі. Добрая вытрымка (самакантроль) дапамагае ім выбраць адпаведны момант і схаваць запасы так, каб заставацца няўбачанымі і непачутымі іншымі.
Здымак Уладзіміра Бондара
Каб праверыць узровень самакантролю ў соек, даследчыкі з Кембрыджскага ўніверсітэту (Вялікабрытанія) змянілі ўмовы Стэнфардзкага ‘тэсту з маршмэлоў’, які быў прыдуманы і ўпершыню праведзены на людзях яшчэ ў 1972 годзе. У арыгінальным тэсце ў дзетак быў выбар: або атрымаць адно маршмэлоў (адзін з амерыканскіх відаў слодычаў) адразу, або два праз нейкі час.
Для соек замест маршмэлоў быў выбар з кавалачкаў хлеба, сыра і мучных чарвякоў. Хаця апошняя ежа была яўным фаварытам птушак, а хлеб і сыр выбіраліся пасля яе, аднак у рэйтынгу апошніх былі і індывідуальныя асаблівасці.
У соек быў выбар або з’есці хлеб ці сыр адразу, або мець магчымасць з’есці мучнога чарвяка праз нейкі час. Чарвяк знаходзіўся за празрыстым пластыкавым экранам і яго птушкі маглі бачыць, але не дастаць пакуль экран быў апушчаны. Правяралася вялікая выбарка паўз (ад 5 секунд да 5,5 хвілін) паміж пачаткам кожнага эксперыменту і падняццём экрана – доступам да чарвяка, калі сойкі раней не з’ядалі хлеб ці сыр, даступны адразу.
Усе птушкі ў эксперыменце змаглі праявіць вытрымку і чакаць на больш смачаную ежу, але гэты час чакання быў вельмі розны: ад 20 секунд да 5,5 хвілін. Найбольш – 5,5 хвілін - змагла вытрымаць толькі адна сойка з усёй групы, самка па мянушцы 'JayLo'.
"Цяжка нават уявіць сабе, што некаторыя птушкі могуць так доўга чакаць на лепшую ежу. У многіх спробах JayLo iгнаравала кавалак сыра даўжэй, чым 5 хвілін. Я ўжо заморваўся чакаць, але яна – не” – сказаў Dr. Alex Schnell, першы сааўтар публікацыі па выніках даследавання.
Цікава, што сойкі пад час чакання стараліся не глядзець на сыр ці хлеб – дакладна гэтаксама рабілі ў падобных эксперыментах і шымпанзе, і нашы дзеткі.
Паралельна тым жа птушкам прапаноўвалі рашыць 5 задач, якія лічацца агульнапрынятымі для вымярэння інтэлекту. Атрымалася, што тыя птушкі, якія маглі чакаць на лепшую ежу даўжэй, лепш вырашалі і прапанаваныя задачы. Гэта сведчыць пра тое, што самакантроль соек звязаны з іх інтэлектам.
"Як і з часам чакання, розныя птушкі па-рознаму рашалі задачы. Некаторыя паспяхова рашылі ўсе, а некаторыя - не. Аднак найбольш цікавым аказалася, што калі птушка ‘была добрай’ у вырашэнні адной задачы, яна паспяхова вырашала ўсе. Гэта б сведчыла пра тое, што такую птушку вылучае агульны высокі інтэлектуальны ўзровень” – сказаў Schnell.
Не менш цікава, што сойкі прыстасоўваліся да канкрэтных абставінаў. У іншых эксперыментах, калі мучны чарвяк і быў бачны, але недасягальны для іх, птушкі адразу з’ядалі даступныя хлеб ці сыр. Акрамя гэтага, калі пасля вызначэння ‘іерархіі’ ежы канкрэтнай сойкі ёй прапаноўвывалася выбіраць паміж даступнай ‘другой’ для яе ежай ці чакаць першую (мучнога чарвяка), час чакання выразна змяншаўся.
Крыніца: Waiting for a better possibility: delay of gratification in corvids and its relationship to other cognitive capacities, Philosophical Transactions of the Royal Society B Biological Sciences (2022). DOI: 10.1098/rstb.2021.0348
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Верхні здымак сойкі Сяргея Чарапіцы
На гэтую тэму:
Палову дрэваў у двух новых англійскіх лясах пасадзілі … сойкі
Сойкі могуць хутка мяняць свае паводзіны
Разумныя сойкі плануюць будучыню
З жыцця соек: ад вылуплення да вылету
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ