Чайкі, калі маюць выбар, капіруюць выбар ежы людзьмі

чайка-клыгун

Некаторыя віды чаек, і сярод іх чайка-клыгун (Larus argentatus), выдатна адчуваюць сябе ў еўрапейскіх гарадах. Негледзячы на тое, што ўвогуле ‘прыродныя’ папуляцыі чаек змяншаюцца, з сярэдзіны минулага стагоддзя ў некаторых гарадах Еўропы ўпершыню ўтварыліся гарадзкія, якія агулам павялічваюцца. Усё гэта змагло адбыцца дзякуючы таму, што чайкі аказаліся параўнальна пластычнай групай у адносінах і да ежы, і да месцаў гнездавання.

У некаторых публікацыях раней было паказана, што гарадзкія чайкі-клыгуны могуць адптаваць свае паводзіны ў пошуках ежы да зменаў у актыўнасці людзей. Акрамя гэтага, чайкі павялічваюць сваю ўвагу да людзей з ежай і да ежы, да якой чалавек дакранаўся ў параўнанні з той, якую не браў у рукі.

Засноўваючыся на гэтых ужо вядомых фактах, невялікая каманда даследчыкаў з University of Sussex (Вялікабрытанія) на працягу двух сезонаў гнездавання чаек адсочвала выбар птушкамі рознакаляровых пакецікаў з ежай. Для гэтага ў некалькіх метрах ад асобных чаек-клыгуноў або птушак у невялікіх групах на пляжы выкладваліся па 2 пакеціка рознага колеру, а трэці, які колерам упакоўкі паўтараў адзін з двух прапанаваных чайкам, трымалі ў руках.

Амаль ва ўсіх выпадках (у 95%) чайкі выбіралі пакецік таго самага колеру, які даследчык ці даследчыца трымалі ў руках. Гэта значыць, што чайкі не толькі параўноўваюць патэнцыйна ядомыя аб’екты, але і ў сваім выбары засноўваюцца на выбары іншых.

Акрамя гэтага аказалася, што выбар колеру пакеціка з ежай не адрозніваўся паміж маладымі і дарослымі чайкамі, аднак дарослыя забіралі пакецік з ежай часцей, чым маладыя. Сярод усіх выпадкаў, калі чайкі забіралі які-небудзь пакецік з ежай, ў 86% гэта былі дарослыя птушкі, хаця яны складалі менш за палову сярод тамтэйшых чаек (46%).

Гэта значыць, што здабыванне ежы такім чынам патрабуе асаблівых навыкаў, якія яшчэ няма ў большасць маладых птушак. Акрамя гэтага, маладыя чайкі могуць баяцца правакаваць дарослых на сутычкі з-за падобнай ежы, у якіх, хутчэй за ўсё прайграюць.

У адпаведнасцт з ранейшымі публікацыямі даследчыкі знайшлі, што калі пакецікі з ежай, якія прапанаваліся на выбар чайкам, ляжалі вельмі блізка да чалавека, толькі ў менш, чым 20% выпадкаў нехта з яаек вырашаў іх схапіць і ўзяць з сабой.

Крыніца: Franziska Feist et al, Inter-species stimulus enhancement: herring gulls (Larus argentatus) mimic human food choice during foraging, Biology Letters (2023). DOI: 10.1098/rsbl.2023.0035

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Брытанскія чайкі ведаюць, калі ў тамтэйшых вучняў перапынкі на ежу

Да 40-годззя гнездавання чайкі-рагатухі ў Польшчы: ад з’яўлення да найбольш паспяховай экспансіі

Марская чайка значна змяншыла сваю колькасць амаль па ўсяму арэалу

Чайкі-чорнакрылкі ў Фінляндыі: ці стратэгія харчавання ўздзейнічае на колькасць птушак?

Поспех чаек - смецце