
Брытанская папуляцыя шуляка-галубятніка (Astur (Accipiter) gentilis) аднаўляецца пасля амаль поўнага вынішчэння віда ў Вялікабрытаніі ў пачатку мінулага стагоддзя. На сённяшні дзень яе велічыня ацэньваецца ў прыкладна 1200 пар, якія распаўсюджаны з невялікай шчыльнасцю і вельмі мазаічна па ўсёй краіне. Для таго, каб лепш зразумець магчымыя змены ў выбары гнездавых біятопаў, маладыя шулякі атрымалі спадарожнікавыя перадатчыкі.
Велічыня папуляцыі шуляка-галубятніка на Брытанскіх астравах яўна ніжэй сваёй аптымальнай колькасці - калі параўновываць яе з іншымі еўрапейскімі краінамі, дзе від жыве ў разнастайным асяроддзі і нават у гарадах. У Вялікабрытаніі большасць птушак гняздуе ў лясах, аднак па меры павелічэння іх колькасці, гэта можа змяніцца. Такім чынам, адсочванне перамяшчэнняў шулякоў і патрабаванні да месцапражыванняў могуць дапамагчы зразумець як распаўсюджанне віда можа змяніцца ў будучыні.
Для гэтага каманда брытанскіх даследчыкаў змясціла 29 перадатчыкаў GPS-GSM на птушанят шуляка-галубятніка з 22 гнёзд у трох розных графствах Англіі. Пад час сваёй першай зімоўкі гэтыя маладыя птушкі трымаліся на перыеферыі гнездавых тэрыторый сваіх бацькоў, дзе выкарыстоўвалі параўнальна невялікую тэрыторыю прыкладна 5 км у дыяметры.
Гэтыя зімовыя тэрыторыі размяшчаліся на ўскрайках лясоў з адкрытымі сельскагаспадарчымі краявідамі або толькі ў апошніх. Самцы шулякоў аддавалі перавагу аграландшафтам і гэтае адрозненне паміж паламі можа быць звязана з тым, што меншыя памерамі самцы палююць на здабычу меншага памеру, чым самкі і яна больш даступная сярод фермерскіх палеткаў. Але па меры сталення і дасягнення палавой спеласці, шулякі перамяшчаюцца ў больш густыя часткі лесу і ў гэтым паўтараюць выбар сваіх бацькоў.
Параўнальна невялікія адлегласці дысперсіі маладых птушак, знойдзеныя ў гэтым даследаванні, могуць сведчыць пра тое, што распаўсюджанне віду па-за межы вялікіх лясоў можа заняць яшчэ шмат часу. Аднак выкарыстанне пад час зімоўкі маладымі птушкамі адкрытых тэрыторый павялічвае імавернасць гэтага працэсу, у дадатак з-за значна меншага прэсу забойства драпежных птушак і большай даступнасці асноўных відаў-ахвяраў у краіне.
Крыніца: Henderson I.G. et al. 2025 Post-fledging movements in an elusive raptor, the Eurasian Goshawk Accipiter gentilis: scale of dispersal, foraging range and habitat interactions in lowland England. Ibis, First published: 14 March 2025 https://doi.org/10.1111/ibi.13403
Паводле www.bto.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак маладога шуляка Мікалая Вераб’я
На гэтую тэму:
Драпежныя птушкі Еўропы гінуць ад свінцовага шроту паляўнічых у сваёй здабычы
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ