Гракі (Corvus frugilegus) жывуць у параўнальна вялікіх і шумных калоніях, таму многім здаецца, што іх усё яшчэ шмат. Насамрэч жа сытуацыя віда ў Польшчы апошнія дзесяцігоддзі негатыўная: сельскагаспадарчыя палеткі гракам ужо некамфортныя, а ў гарадах іх калоніі стараюцца знішчыць як толькі з'яўляецца такая магчымасць.
“Агульнае становішча гракоў у Польшчы і Еўропе драматычнае. Гэта яшчэ не рэдкі від, але ён дэманструе вельмі хуткае змяншэнне колькасці, у сярэднім на 4-5% штогод. І хаця гэта параўнальна невялікія лічбы, аднак яны - адзін з самых рэзкіх спадаў памеру папуляцыі для птушак у Польшчы” - сказаў Przemysław Wylegała, прадстаўнік Польскага таварыства аховы прыроды „Salamandra”. “Усё кажа пра тое, што папуляцыя грака будзе змяншацца падобнымі тэмпамі і праз 30-40 гадоў від стане у нас рэдкім”.
Вялікая каманда арнітолагаў правяла ўлікі гракоў на поўначы і захадзе Польшчы, вынікі якіх з’явяцца на старонках навуковага часопіса "Ornis Polonica". У гэтых частках краіны (а гэта 37% паверхні Польшчы) навукоўцы налічылі 26,3 тысячы гнёздаў гракоў, з іх у 2025-м г. ў Вялікапольшчы было 13,5 тысячы, на Любускай зямлі - 536, на Памор’і 3,8 тысяч і ў 2023 г. на Варміі і Мазурах 8,5 тысяч. Пры параўнанні гэтых лічбаў з атрыманымі пад час ранейшых улікаў віда, аказалася, што папуляцыя зменшылася ў перыяд паміж 2012 і 2025-м гг. у Паўночнай Вялікапольшчы на 44%, на Ляшчынскай зямлі - на 56% (2010-25), на Любускай зямлі на 56% (2004-25) i на Памор’і на 46% (2012-25). На працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў на Варміі і Мазурах адзначылі падобны трэнд, аднак паміж 2017 і 2023 гг. колькасць гняздуючых там гракоў зменшылася нязначна і найбольш выразна ў калоніях у сельскай мясцовасці.

На 2025-ы год агульнапольская папуляцыя віду ацэньваецца ў 137-178 тысяч пар і гнездавыя калоніі на захадзе і поўначы краіны разам - гэта толькі амаль 17% ад гэтай колькасці.
Przemysław Wylegała каардынаваў даследаванні гракоў на тэрыторыі Вялікапольшчы, дзе на прыканцы 1970-80-х гг., калі від меў найбольшую колькасць і памер іх папуляцыі ацэньваўся толькі там у 350-400 тысяч пар, папуляцыя зменшылася на 80%. Для часткі рэгіёну быў зроблены дадатковы ўлік у 2012 г. і за наступныя 13 гадоў колькасць віда зменшылася там напалову.
Гракі знікаюць у сельскагаспадарчым краявідзе, асабліва на захадзе Польшчы. У апошнія гады від там быў найбольш шматлікім у гарадах (пр. 80% гнёздаў), 16,6% гнездавалі ў сельскай мясцовасці і найменш за ўсё - 3,4% - на астравах на вадаёмах. На Любускай зямлі ў гарадах знаходзіліся ўсе гнёзды віду, а на Варміі і Мазурах іх было толькі 28%.

З-за таго, што найперш у заходняй частцы Польшчы вясковы краявід стаў найбольш падобны да заходнееўрапейскага: вялікія па плошчы палі рапса і кукурузы, адбываецца змяншэнне плошчы лугоў і пашаў, а таксама актыўна выкарыстоўваюцца пестыцыды для апрацоўкі сельгаскультур, гракі трацяць там свае месцы харчавання. Акрамя гэтага, яны аддаюць перавагу яравым зерневым, якія таксама знікаюць на карысць азімых. У траўні, калі гракі гадуюць птушанят і патрабуюць найбольш ежы, азімыя становяцца завысокімі і птушкі ўжо не могуць у іх харчавацца.
Хутчэй за ўсё з-за гэтага на захадзе Польшчы гракоў лягчэй ўбачыць у гарадах, дзе шмат газонаў, на якіх рэгулярна скашваюць расліннасць і гэта забяспечвае птушкам пастаянны доступ да іх ежы - у асноўным лічынак вялікіх насякомых. Акрамя гэтага, яны таксама могуць карыстацца рэшткамі нашай ежы з кантэйнераў на смецце ці на звалках. Аднак нават у гарадах папуляцыя віда моцна зменшылася ў параўнанні з 1980-90-мі гг., часам нават на 80%.

“Адной з самых вялікіх праблем у гарадах для гэтых птушак з’яўляецца канфлікт ‘гракі-людзі’” - сказаў Przemysław Wylegała. “Гэта цяжкае суседзтва. Ёсць месцы, дзе гракі фактычна брудзяць інфраструктуру і змяншаюць камфорт выкарыстання гарадзкой прасторы. Бо калі ў парку паставілі лаўкі, то наўрацці хто захоча на іх сядзець пад гнёздамі гракоў. У выніку птушак часта выганяюць і для гэтага выкарыстоўваюць розныя метады: палохаюць з дапамогай гукавых гарматак або запісаных гукаў трывогі, наймаюць сакольніка з драпежнай птушкай або знішчаюць гнездавую калонію, спілоўваючы галіны з гнёздамі”. Арнітолагі звяртаюць увагу, што палоханне гракоў можа негатыўна ўдзейнічаць на ўсіх іншых птушак у дадзеным месцы.
У Польшчы грак мае абсалютную ахову (ochroną ścisłą) па-за гарадамі, у гарадах - частковую. У апошніх існуе дазвол міністра асяроддзя прыбіраць грачыныя гнёзды паводле праблемаў з бяспекай ці санітарыяй, але толькі паміж сярэдзінай кастрычніка і канцом лютага са згоды рэгіянальных дырэкцый аховы асяроддзя (RDOŚ). Згодна з аналізам Агульнапольскага таварыства аховы птушак OTOP, у 2020-22 па ўсёй Польшчы RDOŚ’ы адказалі на 400 заявак на знішчэнне грачыных калоній, з якіх 348 былі пазітыўнымі для гарадзкіх уладаў і негатыўнымі для гракоў.
Гракі - вельмі разумныя і сацыяльныя птушкі. Начуюць, гняздуюць і шукаюць ежу ў групах, часам разам з шэрымі варонамі і каўкамі. Іх гнездавыя калоніі могуць мець ад сотняў да тысяч гнёзд. У групе існуе іерархія і тыя птушкі, якія займаюць у ёй вышэйшае становішча, таксама начуюць вышэй ў вяршалінах дрэваў. Гэта забяспечвае ім большую бяспеку пад час магчымых нападаў куніцы або свойскага ката.
Калоніі, як і месцы групавога начлегу, могуць знаходзіцца на адлегласці нават да 40 км ад асноўных месцаў харчавання. Штодзённыя пералёты туды і назад забяспечваюць усіх птушак калоніі вельмі карыснай інфармацыяй пра багатыя на ежу мясціны.
Паводле https://naukawpolsce.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымкі аўтара перакладу і Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Кансерватызм гракоў у тэрмінах гнездавання прычыніўся да змяншэння іх колькасці?
Разумныя гракі пацверджваюць старажытную байку
Зімовыя месцы начлегу кавак і гракоў у Чэхіі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ