Вялікія памерам дуплы вельмі важныя для любой лясной экасістэмы, аднак іх колькасць звычайна абмежаваная. Такія дуплы ахвотна займаюць для гнездавання некаторыя віды птушак вялікага памеру, для адпачынку і размнажэння млекакормячыя і нават сацыяльныя насякомыя.
У еўрапейскіх лясах змешанага і хвойнага тыпу асноўны стваральнік такіх дупел - чорная жаўна (Dryocopus martius). Невялікая каманда польскіх даследчыкаў з Аўгустоўскай пушчы (паўночны ўсход Польшчы) за некалькі гадоў даследаванняў змагла дэтальна памераць і вылічыць аб’ём 136 дуплаў, выкутых гэтым самым вялікім дзятлам Еўропы. Прамеры рабіліся ў дрэвах, якія былі зломаны, вырваны з карнямі або проста ўпалі.
У соснах дзятлы зрабілі 76% дупел, рэшта ж знаходзілася ў шырокалісцевых дрэвах. Сярэдняя глыбіня дуплаў была 45 см, а сярэдняя шырыня - 18,7 см. Цікава, што дыяметр дупел у соснах быў большы, чым у шырокалісцевых дрэвах. Сярэдні аб’ём склаў 11.604 cм3 (або 11,6 літраў), але ён даволі значна вар’іраваў ад 7000 да 21.000 см3. 63% дуплаў ў шырокалісцевых дрэвах мелі аб’ём меншы, чым 10 літраў, тады як у соснах такіх дуплаў было толькі 38%.
Даволі добра аб’ём дупла можна было прадказаць па дыяметру дрэва на вышыні грудзі чалавека (DBH - diameter at breast height) і ў тых дрэвах, якія мелі на гэтай вышыні дыяметр меншы за 40 см, аб’ём дуплаў атрымліваўся меншы за 10 літраў, тады як у дрэваў з большым дыяметрам ствала такія дуплы сустракаліся вельмі рэдка. Адпаведна з гэтай заканамернасцю можна прапанаваць практычную параду для гаспадарчых лясоў - застаўляць у іх дуплістыя дрэвы дыяметрам больш за 40 см на DBH. Гэта дапаможа захоўвываць аптымальную шчыльнасць лясным відам, якім неабходныя дуплы вялікага памеру для жыцця ці размнажэння.
Крыніца: Zawadzki, G., Zawadzka, D. 2026 The impact of tree parameters on the dimensions of Black Woodpecker cavities in pine-dominated forests: the case study from Augustów Forest. J Ornithol. https://doi.org/10.1007/s10336-026-02391-8
Паводле https://link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Самец чорнай жаўны на здымку Мікалая Вераб’я
На гэтую тэму:
Самцы і самкі жоўтагаловых дзятлаў харчуюцца на розных па дыяметру частках дрэваў
Вялікія дзятлы пазнаюць адзін аднаго па тэрытарыяльнаму дробату
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ