У новым, доўгачасовым даследаванні навукоўцы спецыяльна адбіралі самак японскіх перапёлак (Coturnix japonica) у дзве групы: якія адкладваюць параўнальна вялікія яйкі і параўнальна малыя. З-за таго, што ў перапёлак птушаняты вывадковага тыпу, самкі не трацяць шмат энергіі на іх гадаванне і іх галоўны падзел уласнымі рэсурсамі з патомствам адбываецца пад час фармавання і адкладкі яек.
"Усе жывыя істоты маюць абмежаваную энергію і рэсурсы і павінны выбіраць куды іх патраціць паміж рознымі прыярытэтамі” - сказала Dr. Barbara Tschirren, галоўная аўтарка публікацыі па выніках даследавання з Center for Ecology and Conservation пры ўніверсітэце Exeter (Вялікабрытанія).
"Эвалюцыйная тэорыя прадугледжвае ўнутраную сувязь паміж старэннем і затратамі на размнажэнне, аднак гэта цяжка праверыць. Тым не менш, наша даследаванне зрабіла гэта. Яно паказала, што існуе істотная генетычная варыяцыя ў магчымых рэпрадуктыўных затратах і старэнні арганізма, што гэтыя зменныя звязаны паміж сабой і што значная варыяцыя можа параўнальна хутка ўзнікнуць.”
Гэта была першая спроба на прыкладзе хрыбетных жывёл праверыць тэорыю з дапамогай штучнага адбору.
Dr. Tschirren дадала, што выкарыстаць больш рэсурсаў і энергіі ў размнажэнне ці ў ‘падтрыманне сябе’ - гэта складаны выбар, таму што папярэдняе даследаванне паказала, што самкі перапёлак, якія больш ‘укладваюцца’ у яйкі, маюць горшае аднаўленне клетак і слабую імунную сістэму.

Прыклады яек ад самак з абодвух груп.
Праз 5-6 пакаленняў атрымалася, што самкі японскіх перапёлак, якія адкладвалі параўнальна вялікія яйкі, жылі ў сярэднім 595 дзён, а тыя, што адкладвалі значна меншыя - 770 дзён. Тым не менш, птушаняты з яек большага памеру маюць большую імавернасць выжыць у першыя дні пасля вылуплення ў параўнанні з птушанятамі з яек меншага памеру.
Самцы ж перапёлак жывуць значна даўжэй за самак і таму працягласць даследавання аказалася недастатковай, каб знайсці сувязь штучнага адбору ў самак на працягласць жыцця самцоў.
Крыніца: Tschirren В. et al. (2026) Artificial selection for increased reproductive effort accelerates actuarial senescence and reduces lifespan in a precocial bird. Proc. of the Royal Soc. B: Biol. Sciences. DOI: 10.1098/rspb.2025.2908
Паводле www.phys.org (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Як адбывалася эвалюцыя размнажэння птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ