Белыя буслы з узростам часцей і больш эфектыўна харчуюцца на звалках

белы бусел

Выкарыстанне звалак смецця як ключавых месцаў харчавання белымі бусламі (Ciconia ciconia) добра задакументаванае як параўнальна нядаўні фенамен найперш для некаторых краін Заходняй Еўропы і Паўночнай Афрыкі. Негледзячы на патэнцыйную небяспеку для птушак, ежа адтуль змяншае агульны час харчавання буслоў і спрыяе энергетычнай эфектыўнасці падобных паводзін. Як вынік, тысячы буслоў харчуюцца нашым смеццем не толькі на месцах гнездавання, але і пад час міграцыі, і на зімоўцы.

Тым не менш, да апошняга часу амаль нічога не было вядома ці змяняюцца і як харчовыя паводзіны асобін з узростам. Каманда партугальскіх даследчыкаў размясціла GPS-перадатчыкі на 71 дарослага і 147 птушанят белага бусла і затым адсочвала іх перамяшчэнні на працягу наступных 6 гадоў у 2016-21 гг.. Даследаванні праводзілі ў Паўднёвай Партугаліі, дзе гняздуюць 60% партугальскай папуляцыі віду з агульнай колькасцю ў пр. 7 тысяч пар. Гнёзды адлоўленых дарослых птушак і птушанят знаходзіліся на адлегласці ад 1 да 40 км ад актыўных звалак смецця.

Пошук ежы на звалках павялічваўся з узростам буслоў. З дасягненнем другога году жыцця, птушкі наведваліся на звалкі нашмат часцей, чым на працягу першага году. Птушкі 4-га году жыцця і старэйшыя адзначаліся на звалках амаль удвая часцей, чым буслы першага году жыцця. Час харчавання на звалках паступова павялічваўся з узростам птушак і значныя адрозненні былі адзначаныя для буслоў рознага ўзросту. Птушкі 4-га году жыцця і старэйшыя праводзілі ў пошуках ежы на смецці больш, чым у два разы больш часу ў параўнанні з бусламі першага году жыцця. Акрамя гэтага, маладыя буслы трацілі на харчаванне на звалках значна больш энергіі ў параўнанні з бусламі другога году жыцця і старэйшымі птушкамі – у гэтай групе не было знойдзена адрозненняў у гэтым аспекце. Больш дасведчаныя буслы выбіралі месцы з большай колькасцю арганічных рэштак і такім чынам змяншалі расход энергіі пад час харчавання.

Аказалася, што знойдзеныя ўзроставыя змены ў выкарыстанні ежы антрапагеннага паходжання на звалках хутчэй звязаны з атрыманнем індывідуальнага досведу ў пачатку жыццёвага цыклу, чым з тым, што ў гэты час выжывалі маладыя птушкі, якія найчасцей харчаваліся на звалках.

Крыніца: Bruno Herlander Martins et al. 2026 From inexperience to proficiency: age-related improvements shape the use of novel anthropogenic food subsidies in a long-lived bird, Proc Biol Sci (2026) 293 (2069): 20251884 https://doi.org/10.1098/rspb.2025.1884

Паводле https://royalsocietypublishing.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

Харчаванне на звалках дазваляе зглажваць эфекты засухі для белых буслоў

Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты

Ежа са звалак аказалася лепшай для птушaнят белага бусла за прыродную

Харчаванне на звалках дапамагае белым буслам павялічыць поспех размнажэння

Будучыня белых буслоў – наша смецце?

Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?