Ежа са звалак аказалася лепшай для птушaнят белага бусла за прыродную

белыя буслы на звалцы

Каманда даследчыкаў з Complutense University of Madrid, Instituto de Investigación en Recursos Cinegéticos IREC, Ciudad Real (Гішпанія) і University of Groningen (Нідэрланды) зрабіла комплекснае параўнанне фізіялогіі птушанят белага бусла, якіх бацькі кармілі пераважна ежай са звалак ці пераважна прыроднай здабычай.

Выкарыстанне звалак белымі бусламі (Ciconia ciconia) для харчавання – параўнальна нядаўні фенамен паводзін, якія ўсё больш і больш пашыраюцца ў розных краінах. Аўтары некалькіх даследаванняў падкрэсліваюць разнастайныя пазітыўныя папуляцыйныя эфекты для птушак з падобнымі паводзінамі. Так, напрыклад, за апошнія прыкладна 20 гадоў партугальская папуляцыя белага бусла дзякуючы харчаванню на звалках павялічылася ў 10 разоў – зараз яе памер каля 14 тысяч птушак і іх колькасць працягвае павялічвацца. А з сярэдзіны 1980х гадоў усё большая колькасць буслоў застаецца круглы год у Заходняй Еўропе, асабліва на Іберыйскім паўвостраве. Аднак іншыя даследчыкі пішуць пра рызыку для здароўя як мінімум асобных птушак з-за наяўнасці ў падобнай ежы са звалак атрутных рэчываў, патагенаў і параўнальна малай колькасці антыаксідантаў.

Такім чынам, навукоўцы параўновывалі агульную кандыцыю, розныя параметры крыві, баланс аксідатыўнага стрэсу і наяўнасць патагенаў у птушанят з вывадкаў, якіх бацькі кармілі ежай са звалак (першая група) ці ежай пераважна прыроднага паходжання (другая група). У выніку атрымалася, што птушаняты з першай групы былі ў лепшай фізічнай кандыцыі і яўна лепш харчаваліся пад час свайго росту і развіцця, таму што ў іх плазме крыві былі большыя канцэнтрацыі альбумінаў, халестэролу і трыгліцэрыдаў.

З-за таго, што многія атрутныя рэчывы акрамя свайго непасрэдна негатыўнага ўздзеяння звычайна таксама ўзмацняюць аксідатны эфект, дадаткова параўноўваўся і баланс аксідатыўнага стрэсу. Аднак значных адрозненняў у яго індыкатарах паміж птушанятамі з двух груп знайсці не атрымалася за выключэннем метгемаглабіну (methaemoglobin (metHb)), канцэнтрацыя якога была значна большай у птушанят з першай групы. Таксама хутчэй за ўсё з-за атрутных рэчываў у ежы са звалак у птушанят, якіх ёй кармілі бацькі, былі знойдзены больш высокі ўзровень глутаціона (GSH) – гэта пептыд з трох амінакіслот у павялічанай канцэнтрацыі лічыцца ўніверсальным паказчыкам аксідатыўнага стрэсу. Акрамя гэтага, у гэтых птушанят таксама былі большыя канцэнтрацыі кішэчнай палачкі (Escherichia coli) з фенатыпам, які адпорны на большасць антыбіётыкаў.

Крыніца: Javier Pineda-Pampliega et al. A multidisciplinary approach to the evaluation of the effects of foraging on landfills on white stork nestlings, Science of The Total Environment 775, 25 June 2021, 145197 https://doi.org/10.1016/j.scitotenv.2021.145197

Паводле www.sciencedirect.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

Белыя буслы і наша смецце

Будучыня белых буслоў – наша смецце?

Харчаванне на звалках дапамагае белым буслам павялічыць поспех размнажэння

Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты

Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?