У мінулым, 2025-м годзе, у Польшчы было адзначана першае паспяховае гнездаванне малага баклана (Microcarbo pygmaeus) у складзе невялікай калоніі на адным з рыбгасаў на поўдні краіны ў Малапольскім ваяводзтве. Гэты выпадак узмацніў тэндэнцыю на аднаўленне віда ў Еўропе.
Першая спроба гнездавання малага баклана ў Польшчы адбылася на год раней, у 2024-м, калі адна пара збудавала гняздо на сажалцы рыбгасу Stawy Brzeszczańskie ў тым самым ваяводзтве. Аднак пад час моцнай навальніцы гняздо было скінута ветрам і таму спроба аказалася непаспяховай.
У 2025-м птушкі збудавалі 10 гнёздаў на востраве на сажалцы Czupryński Pond, які знаходзіцца ў рыбгасе Spytkowice недалёка ад гарадка Zator. Згодна з публікацыяй часопіса Ornis Polonica, якую ўзгадвае Ornithomedia, пад час праверкі калоніі 10 мая у 9 гнёздах было ад 4 да 6 яек. Арнітолагі ўсталявалі паблізу фота-лавушкі, якія пазней пацвердзілі паспяховае гнездаванне: на 30 мая птушаняты былі ў 3 гнёздах, а 9 чэрвеня на 9 гнёздах ужо былі поўныя вывадкі.
З 1980-х гадоў малы баклан параўнальна хуткімі тэмпамі рэкаланізуе Еўропу, дзе раней моцна зменшыў свой арэал і колькасць з-за пераследавання чалавекам і асушэння і фрагментацыі многіх водна-балотных угоддзяў.
У апошнія дзесяцігоддзі від пашырае свой арэал у розных кірунках і ўжо адзначаны на гнездаванні ў Венгрыі, Славакіі, Аўстрыі, а ў Італіі значна распаўсюдзіўся па-за межы свайго асноўнага месца гнездавання ў гэтай краіне ў дэльце ракі По (Po Delta). У 2022 г. малыя бакланы гнездавалі ў Баварыі (ФРГ) і Чэхіі. Параўнальна шматлікія залёты віду ў паслягнездавы сезон у розныя краіны Цэнтральнай Еўропы ў 2021 і 2023 гг. ускосна сведчылі пра магчымасць павелічэння гнездавога арэалу там у наступныя гады. У Францыі не даказаныя выпадкі гнездавання адзначаліся ў 2024 і 2025 гг.
------------------------------
У Беларусі малы баклан адзначаны толькі двойчы - у 2009 і 2020 гг. на рыбгасах Брэсцкай вобласці.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з https://spp.gr
На гэтую тэму:
Малы баклан крочыць па Еўропе
Амаль інвазія малых бакланаў у Германіі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ