У апошнім выпуску нідэрландзкага навуковага часопіса Dutch Birding з’явіўся вялікі артыкул, прысвечаны адной птушцы - дэлавэрскай чайцы (Larus delawarensis) па мянушцы ‘Kajzerka’ (Кайзэрка). У ім апісана адсочванне яе перамяшчэнняў з дапамогай спадарожнікавага перадатчыка, якое зрабіла яе знакамітай не толькі сярод польскіх назіральнікаў птушак.
'Kajzerka' (названая так у гонар арнітолага Zbigniew’а Kajzer’а, які першы адзначыў і потым акальцаваў яе) упершыню назіралася 21 снежня 2005 г. на мясцовай звалцы на паўночным захадзе Польшчы ў мясцовасці Szczecin Klucz (Заходнепаморскае ваяводзтва). Праз 2 дні яна была адлоўлена і атрымала, акрамя металічнага, таксама і каляровае пластыкавае кальцо (чырвонае з белым надпісам PAA3).
Пасля гэтага да 2022 Кайзэрку бачылі па-за межамі Польшчы толькі па абодва бакі бельгійска-нідэрландзкай мяжы ў мясцовасці Echt-Susteren (правінцыя Limburg, Нідэрланды) з 23 лютага да 13 сакавіка 2012 г..
У рэшце рэшт 4 снежня 2021 г. чайку зноў атрымалася адлавіць у Польшчы і ў гэты раз яе забяспечылі спадарожнікавым перадатчыкам ад Interrex - rings & telemetry. Tакім чынам, нарэшце атрымалася прасачыць увесь гадавы цыкл Кайзэркі. Яе лінька пасля сезону гнездавання адбывалася вакол возера Wulpińskie (пад Ольштынам, Паўночна-Усходняя Польшча), месца зімоўкі галоўным чынам знаходзілася вакол вадасховішча Eeckhoven і ў мясцовасцях Rumst/Mechelen (Бельгія). Вясной жа птушка ляцела праз Германію, Польшчу, Украіну і Беларусь на калонію на даху аднаго з мясцовых заводаў гнездаваць у Ніжні Ноўгарад (Расія).
Атрыманыя дзякуючы перадатчыку дадзеныя і мясцовы арнітолаг у Ніжнім Ноўгарадзе змаглі пацвердзіць гнездаванне Кайзэркі ў пары з шызай чайкай (L. canus) і ў чэрвені 2022 г. там былі сфатаграфаваныя іх гібрыдныя птушаняты. Гэта другі даказаны выпадак гнездавання дэлавэрскай чайкі ў Заходняй Палеарктыцы і першы, які назіраўся наўпрост і быў выдатна задакументаваны.
Вясновы пералёт у 2022 г. з месца зімоўкі на месца гнездавання на адлегласць ~2825 км адбыўся за менш, чым 15 дзён, а ўвосень птушка вярнулася на паслягнездавую ліньку ў Польшчу за 3 дні, для чаго пераадолела ~1760 км. Гадавыя цыклы Кайзэркі ў 2022–2025 гг. адбываліся падобным чынам, аднак у 2023 г. птушка праляцела праз Літву і Латвію, дзе дзякуючы гэтаму яе змаглі дадаць у нацыянальныя спісы птушак, а ў 2022 г. гэта стала магчымым для Беларусі і Украіны.
Крыніца: M. Faber & A. Włodarczak-Komosińska 2026 Telemetry case study of annual cycle of Ring-billed Gull ‘Kajzerka’ in Europe and mixed breeding with Common Gull, Dutch Birding 48:3 pp.161-173
Паводле www.dutchbirding.nl/journal падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак ‘Кайзэркі’, зроблены 02-04-2022 г. на воз.Валатоўскае ў Гомелі, яго ж
-------------------------------
На пачатак 2026 г. нам вядома пра 10 залётаў дэлавэрскай чайкі па мянушцы Кайзэрка на тэрыторыю Беларусі, прычым дзякуючы своечасоваму паведамленню польскіх калег пра яе адпачынак у Гомелі вясной 2022 г. новы для краіны і сябе від змаглі на свае вочы ўбачыць некалькі беларускіх бёрдэраў.

Мапа першага залёту Кайзэркі ў Беларусь
На гэтую тэму:
Дэлавэрскую чайку, новы від для Беларусі і Украіны, ‘бачылі’ у нас толькі спадарожнікі
Усяго ў Свеце прыкладна 50 мільярдаў асобін дзікіх птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ