З дапамогай адной з самых папулярных сярод назіральнікаў птушак базы дадзеных eBird, каманда аўстралійскіх навукоўцаў паспрабавала зрабіць як мага больш дакладную ацэнку колькасці для амаль усіх сучасных відаў птушак, для якіх атрымалася знайсці адпаведныя звесткі. Аказалася, што на кожнага чалавека прыходзіцца ўсяго 6 асобін дзікіх птушак, разам іх прыкладна 50 мільярдаў.
"Людзі доўга шлі да таго, каб больш дакладна падлічыць колькі прадстаўнікоў нашага ўласнага віду жыве на Зямлі і мы ведаем, што нас зараз прыкладна 7,8 мільярдаў” – сказаў праф. Will Cornwell, эколаг з універсітэту Новага Паўднёвага Уэльсу (Сідней, Аўстралія) і саўтар публікацыі па выніках даследавання. “Наша работа – першая спроба зрабіць ацэнку колькасці амаль 10 тысячам прадстаўнікоў розных відаў птушак”.
Для таго, каб зрабіць ацэнку колькасці дзікіх відаў птушак, былі выбраныя 9700 відаў – менавіта для іх атрымалася знайсці адпаведныя дадзеныя і стварыць алгарытмы для агульнай ацэнкі іх колькасці. Для кожнага з гэтых відаў ці групы падобных відаў былі прааналізаваныя магчымасць і лёгкасць іх убачыць (лёгкасць знайсці ў прыродзе) адпаведна іх памеру, афарбоўцы, паводзінам, знаходжанню ў групе ці асобна ад яе і адлегласці магчымых месцаў назірання ад вялікіх гарадоў. А потым выкарысталі амаль мільярд назіранняў, загружаных у базе eBird.
"Хаця наша даследаванне факусавалася на птушках, прынцыпы, па якіх мы стварылі адпаведныя алгарытмы для ацэнкі іх колькасці можна выкарыстаць і для іншых вялікіх таксонаў жывёл” – сказаў Dr. Corey Callaghan. "Ацэнка распаўсюджанасці віда – крытычна важны крок для яго захавання. Калі мы маем рэалістычную ацэнку колькасці, мы можам адсочваць змены і калі яны некарысныя, прымаць неабходныя меры для яго аховы”.
Хаця для агульнай ацэнкі былі выкарыстаныя дадзеныя для 92% відаў сучасных птушак, навукоўцы кажуць, што наўрацці пазасталыя без ацэнкі колькасці 8% відаў могуць істотна змяніць вынікі, таму што іх колькасць параўнальна нізкая хаця і не можа быць больш-менш дакладна ацэненая на аснове знойдзеных дадзеных ці з-за іх адсутнасці.
Цікава, што толькі чатыры віды птушак могуць лічыцца “міліярдэрамі” – г.зн., што іх сучасная колькасць была ацэненая ў больш, чым мільярд асобін. Гэта дамовы верабей (1,6 мільярда птушак), звычайны шпак (1,3 мільярда асобін), дэлавэрская чайка (Larus delawarensis) (1,2 мільярды) і вясковая ластаўка (1,1 мільярда птушак).
Падобная праца стала магчымай дзякуючы таму, што больш за 600 тысяч чалавек рэгулярна ці толькі час ад часу заносілі дадзеныя сваіх назіранняў птушак з усяго Свету з 2009 да 2019 уключна на партал eBird. Лабараторыя арніталогіі Карнельскага ўніверсітэту (Cornell Lab of Ornithology), якая стварыла і вядзе базу дадзеных, застаўляе дадзеныя ў вольным доступе.
"Вялізныя глабальныя базы дадзеных, якія запаўняюцца дзякуючы грамадзкай навуцы – такія, як eBird, рэвалюцыянізуюць нашы магчымасці вывучаць макраэкалогію” – сказаў праф. Cornwell. "Дадзеныя падобнага тыпу проста не былі даступныя яшчэ дзесяць гадоў таму”.
Хаця навукоўцы упэўнены ў сваёй ацэнцы, яны ясна ўяўляюць, што пры выкарыстанні ўсіх засцярогаў адносна такой вялікай колькасці назіранняў да яе трэба адносіцца толькі як да ацэнкі колькасці, а не да дакладнай лічбы.
Крыніца: Global abundance estimates for 9,700 bird species, Proceedings of the National Academy of Sciences (2021). DOI: 10.1073/pnas.2023170118
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак групы звычайных шпакоў Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
BTO: больш мільёна акальцаваных птушак за год і новыя рэкорды
Міграцыі птушак і вялікія лічбы: некаторыя здзіўляючыя факты і высновы
eBird атрымала ўзнагароду ад American Bird Conservancy
EuroBirdPortal прадставіў шыкоўную версію візуалізацыі дадзеных па птушках Еўропы
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ