BTO: больш мільёна акальцаваных птушак за год і новыя рэкорды

За ўвесь мінулы 2019 год каля 3 тысяч кальцавальнікаў Брытанскага арніталагічнага траста ВТО у чарговы раз акальцавалі больш мільёна дзікіх птушак – дакладна 1.047.521 асобіну. Дзякуючы гэтаму, з’явілася магчымасць прасачыць не толькі трасы іх вандровак ці месцы зімоўкі – з гэтым у апошнія гады нашмат больш эфектыўна спраўляюцца геалакатары і спадарожнікавыя перадатчыкі, але больш даведацца пра іх лёс, і, асабліва, пра працягласць жыцця і, часта, прычыны смяротнасці.

Найбольш было акальцована сініх сініц (Cyanistes caeruleus) – 150.284 асобіны, гэты від таксама стаў самым масавым па колькасці знойдзеных і даследаваных гнёзд. Агулам каля 700 валанцёраў сабралі дадзеныя пра 41.269 гнёзд. Пасля сіняй сініцы, наступнымі па колькасці знойдзеных гнёзд ідуць вялікія сініцы (Parus major), палявыя вераб’і (Passer montanus), сіпухі (Tyto alba) і вясковыя ластаўкі (Hirundo rustica).

Дзякуючы маштабным кальцаванням у мінулыя гады, атрымалася даведацца пра новыя птушыныя рэкорды доўгажыхарства. Самай старай дзікай птушкай з Вялікабрытаніі, пра якую атрымалася даведацца дзякуючы кальцаванню, застаецца звычайны буравеснік (P. puffinus) – ён быў пераадлоўлены на востраве Bardsey у 2008 годзе, дзе і быў акальцаваны птушанём у 1957 годзе.

Некаторыя віды абнавілі папярэднія рэкорды працягласці жыцця. У 2019 годзе глупыш (Fulmarus glacialis), пераадлоўлены на востраве Sanda ля ўзбярэжжаў Шатландыі быў акальцаваны 41 год і 11 месяцаў таму. Чыж (Carduelis spinus), пераадлоўлены ў Argyll у тым самым месцы праз 8,5 гадоў, дзе быў акальцаваны ў 2010 годзе, на сённяшні дзень з’яўляецца самым старым прадстаўніком свайго віду ўвогуле.

 “Без магчымасці пазначаць птушак кольцамі з індывідуальнымі нумарамі і маніторынгу іх гнёздаў, мы не маглі б сачыць за важнымі момантамі іх жыцця і нашы веды пра іх былі б вельмі абмежаваныя” – сказаў Dr Rob Robinson, дырэктар па даследаваннях BTO. “Маштабныя дадзеныя, якія мы атрымліваем дзякуючы дапамозе нашых фантастычных валанцёраў, дапамагаюць нам вызначыць ці апынуўся нейкі від птушак у праблемах, і калі так, на якой стадыі жыццёвага цыкла праблемы ўзніклі”.

Паводле www.bto.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак сіняй сініцы яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Колькі год кальцаванню птушак?

Новы рэкорд - мільён закальцаваных птушак за год

Птушкі б’юць рэкорды доўгажыхарства

Міграцыі птушак і вялікія лічбы: некаторыя здзіўляючыя факты і высновы

Упершыню даказана, што геалакатары не павялічваюць смяротнасць дробных вераб’іных

Нечакана: тыя ж самыя вясковыя ластаўкі ляцяць зусім рознымі пралётнымі шляхамі увосень і вясной

Новы рэкорд самай старай дзікай птушкі, якая ўсё яшчэ размнажаецца