У драпежных птушак выбар маршрута міграцыі залежыць ад мноства фактараў, уключна з месцам, адкуль яна пачынаецца, ад умоваў надвор’я, энергетычных запасаў і сацыяльнага ўзаемадзеяння. Абраны маршрут таксама можа абапірацца на рознае выкарыстанне месцаў прыпынку пад час пералёту, але гэта апошняя рыса пакуль што слаба даследаваная.
Дасягненне аптымальных энергетычных запасаў - крытычна важная ўмова для завяршэння падарожжа, асабліва для відаў, якія вымушаны перадольваць складаныя экалагічныя бар’еры. Чорны каршун (Milvus migrans) - від- далёкі мігрант, які паводзіць сябе апартуністычна пад час пошуку ежы і харчавання і часта выкарыстоўвае ежу антрапагеннага паходжання на нашых звалках.
Для таго, каб лепш даследаваць розныя аспекты міграцыі маладых чорных каршуноў з розных частак Еўропы, міжнародная каманда арнітолагаў адсочвала перамяшчэнні 43 птушак з дапамогай спадарожнікавых GPS-перадатчыкаў, змешчаных на ніх паміж 2016 і 2022 гг..
Усе птушкі пад час восеньскай міграцыі выкарыстоўвалі тры асноўныя шляхі для пералёту праз Міжземнае мора. Выбар шляху галоўным чынам залежаў ад месца нараджэння. Сярод маладых птушак, якія вылупіліся ў Чэхіі (n=18), 6 (33,3%) выбралі заходні шлях праз Іберыйскі паўвостраў, 7 (38,9%) праз Цэнтральнае Міжземнамор’е і 5 (27,8%) праз Балканы. Са славацкіх маладых каршуноў (n= 5), 2 асобіны (40%) паляцелі на зімоўку праз Цэнтральнае Міжземнамор’е і 3 (60%) - праз Балканы. Усе 13 птушак з Паўночнай Італіі паляцелі ў Афрыку праз Іберыйскі паўвостраў, тады як усе 8 з Цэнтральнай Італіі перасяклі Міжземнае мора праз Сіцылію.

Шляхі, абраныя 43 маладымі чорнымі каршунамі пад час іх першай восеньскай міграцыі. Трасы пралёту птушак з чатырох тэрыторый, на якіх яны з’явіліся на свет, пазначаны рознымі колерамі ( з іх): жоўты (Паўночная Італія), блакітны (Чэхія), чырвоны (Цэнтральная Італія) і чорны (Славакія). Mellone et al. 2026.
Месцы прыпынку выразна адрозніваліся і паміж рознымі абранымі шляхамі пралёту, і сярод розных птушак на тых самых шляхах. На самым заходнім маршруце каршуны з Паўночнай Італіі для пошуку ежы выкарыстоўвалі звалкі смецця ў Францыі і Гішпаніі, тады як асобіны з Чэхіі галоўным чынам палявалі ў сельскагаспадарчым краявідзе (негледзячы на падабенства маршрутаў ).
Падобным чынам дзейнічалі і каршуны з Цэнтральнай Італіі, якія на працяглы час (да 3-4 тыдняў) прыпыняліся на Сіцыліі ў напалову прыродным сельскагаспадарчым ландшафце дзе, хутчэй за ўсё, харчаваліся лёгка даступнымі безхрыбетнымі. Птушкі, якія ляцелі праз Балканы, прыпыняліся на кароткі час на сельгаспалетках і забалочаных тэрыторыях і толькі мінімальна выкарыстоўвалі звалкі.
Гэтыя адрозненні падкрэсліваюць пластычнасць паводзін чорных каршуноў, стратэгіі пралёта і палявання якіх могуць адрознівацца нават унутры адной папуляцыі.
Крыніца: Mellone, U., Literák, I., Berlusconi, A., Bogliani, G., Dell'Omo, G. and Morganti, M. 2026 Migratory divides highlight intraspecific flexibility in the stopover tactic of black kites. J Avian Biol: e03617 https://doi.org/10.1002/jav.03617
Паводле https://nsojournals.onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак чорнага каршуна - Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Месца зімоўкі далёкіх мігрантаў вызначае не толькі генатып, але і онтагенэз
Ці ўсе вераб’іныя пралятаюць Сахару найкарацейшым шляхам?
Міграцыйныя паводзіны белых буслоў звычайна змяняюцца толькі да часу дараслення
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ